2010-ы - год змен (Фота)
- 16.12.2009, 14:53
У Дзень салідарнасці ў горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці моладзевыя актывісты распаўсюдзілі інфармацыю пра беларускіх палітвязняў і выкрадзеных грамадскіх дзеячах.
Актывісты «Маладога фронта» разляпілі на вуліцах горада партрэты палітвязняў - удзельніка «Працэсу 14-цм» Арцёма Дубскага, ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.
На рэкламных тумбах з'явіліся ўлёткі з надпісамі: «Не - палітычным выкраданням» і «2010 - год змен. Са святам, Бяроза!»
Акрамя таго, у памяць пра бясследна зніклых грамадскіх дзеячаў у горадзе былі вывешаны ўлёткі з інфармацыяй пра іх лёс.
Нагадаем, што ў беларускіх турмах улады па-ранейшаму трымаюць палітвязняў. Гэта актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.
Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.
8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).
Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
У 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ГРТ Дзмітры Завадскі.