Непаўнагадовым забараняюць з'яўляцца на вуліцы пасля 23.00
- 16.12.2009, 16:11
Дэпутаты Менгарсавета ўзгаднілі забарону знаходжання непаўнагадовых да 16 гадоў на вуліцах сталіцы.
Забарона будзе дзейнічаць з 23.00 да 6.00. Непаўнагадовым будзе забаронена з'яўляцца на вуліцы і іншых грамадскіх месцах без суправаджэння бацькоў, перадае БелТА.
У выпадку парушэння гэтай нормы супрацоўнікі міліцыі ўпаўнаважаны складаць акты. Далей іх будуць разглядаць камісіі па справах непаўнагадовых адміністрацый раёнаў Менска і прымаць меры грамадскага ўздзеяння ў межах сваіх паўнамоцтваў.
Начальнік ГУУС Менгарвыканкама Леанід Фармагей, спасылаючыся на аналіз штосутачных зводак аператыўнага становішча ў Менску, паведаміў, што 40% усіх злачынстваў, якія здзяйсняюцца непаўнагадовымі і з іх удзелам, здзяйсняецца ва ўзросце 16-17 гадоў у грамадскіх месцах у перыяд з 22.00 да 6.00 гадзін. Разам з тым на сённяшні дзень знаходжанне непаўнагадовых у грамадскіх месцах сталіцы ў начны час не абмежавана.
«Такім чынам, наяўнасць прававога акту, які абмяжоўвае знаходжанне непаўнагадовых у грамадскіх месцах Менска ў начны час, станоўна паўплывае на прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўнагадовых», - сказаў начальнік ГУУС Менгарвыканкама.
Прыняцце гэтага пытання выклікала падчас сесіі гарсавета дэбаты, тон якім задаў выступ дэпутатаў Моладзевай палаты (яна дзейнічае пры Менгарсавеце ўжо другі год). Яны прапанавалі зменшыць узроставы цэнз з 18 гадоў, як меркавалася першапачаткова, да 16 гадоў. Самі ж дэпутаты, выступаючы з меркаваннямі і прапановамі, прызнавалі, што даўно сесія не прымала такіх важных рашэнняў. Адзначалася, што да гэтага пытання Менгарвыканкам і Менгарсавет падыходзілі ўшчыльную некалькі разоў, і зараз надышоў час прыняць канчатковае рашэнне.
У выніку галасавання за ўвядзенне забароны знаходжання на вуліцы пасля 23.00 падлеткам да 16 гадоў без суправаджэння бацькоў прагаласавала 30 чалавек, супраць - 15 дэпутатаў.
Тым часам канчатковую кропку паставіць Міністэрства юстыцыі, якое правядзе экспертызу праекта рашэння сесіі Менгарсавета.