BE RU EN

За адмову здаць адбіткі пальцаў могуць адправіць на ваенныя вучэнні

  • 17.12.2009, 18:04

Першы намеснік міністра МУС распавёў аб перспектывах, якія свецяць тым, хто адмовіцца ад праходжання дактыласкапіі.

Як заявіў першы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Алег Пякарскі, у Беларусі пакуль не плануецца ўводзіць адказнасць за адмову ад праходжання дактыласкапічнай рэгістрацыі, паведамляе «Интерфакс».

«У цяперашні час няма наўпроставага ўздзеяння і ўплыву на нашых грамадзянаў для праходжання імі дактыласкапічнай рэгістрацыі. Магчыма, пытанне аб прыцягненні да якой-небудзь адказнасці будзе разглядацца пазней», - сказаў Пякарскі.

Ён адзначыў, што на дадзены момант існуюць адміністрацыйная адказнасць за нез'яўленне ў ваенкамат, а таксама прыцягненне да адказнасці за адмову ад выканання патрабавання службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў.

«Але пакуль мы не плануем ўжываць такія меры ўздзеяння», - сказаў першы намеснік міністра, дадаўшы, што «мы хацелі паглядзець, як грамадзяне будуць добраахвотна аказваць садзейнічанне». У гэтай сувязі ён удакладніў, што на сёння каля 1,3 млн грамадзянаў Беларусі прайшлі дактыласкапічную рэгістрацыю, адмовіліся ад яе праходжання - 22 тыс. чалавек.

Аднак Пякарскі падкрэсліў, што грамадзяніна, які будзе адмаўляцца ад дактыласкапіі, «будуць увесь час запрашаць у ваенкамат, і мы не выключаем таго, што ваенкамат можа прыняць рашэнне прыцягнуць гэтага грамадзяніна на якое-небудзь вучэнне».

Нагадаем, што 17 снежня «савет рэспублікі» ухваліў законапраект аб унясенні зменаў і дадаткаў у закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі. Унясенне зменаў і дадаткаў у закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» прадугледжвае пашырэнне суб'ектаў абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі за кошт ваеннаабавязаных. Паводле новага закона, адбіткі пальцаў возьмуць ва ўсіх ваеннаабавязаных асобаў мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.

Як паведамляў сайт charter97.org, масавую незаконную дактыласкапію мужчынскага насельніцтва Беларусі сталі праводзіць пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску. У беларусаў бяруць адбіткі пальцаў пад выглядам запрашэння ў ваенкамат, позвы ў міліцыю. Таксама МУС увесь час праводзіць дактыласкапію непаўнагадовых у сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Апошнія навіны