У Беларусь ідзе другая хваля свінога грыпу
- 18.12.2009, 14:21
Мінздароўя пакуль не адважваецца казаць пра маштабы захворвання на пандэмічны вірус A (H1N1), які чакаецца ў Беларусі ў канцы студзеня - пачатку лютага.
Галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан 18 снежня на канферэнцыі аб сітуацыі з захворваннем на ВРІ і грып, якая адбылася ў Менску, паведаміла, што чарговы эпідэмічны ўздым захворвання на ВРІ і грып чакаецца ў Беларусі ў канцы студзеня — пачатку лютага, паведамляе БелаПАН.
Паводле яе словаў, медыкі чакаюць распаўсюду ў тым ліку пандэмічнага віруса A (H1N1).
«Большасць у Беларусі з ім яшчэ не сутыкалася, і імунітэт у насельніцтва не выпрацаваны», — растлумачыла Карабан. Пры гэтым яна не змагла зрабіць прагноз, якія менавіта маштабы набудзе эпідэмія.
Карабан паведаміла, што, у адпаведнасці з дадзенымі СААЗ, у 90% выпадкаў грып працякае ў лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці, прычым у шмат каго нават без клінічных праяў.
На канферэнцыі медыкі плануюць абмеркаваць магчымасці па прыняцці дадатковых супрацьэпідэмічных мер.
Паводле дадзеных Мінздароўя, на 23 лістапада ў Беларусі былі лабараторна пацверджаны 179 выпадкаў захворвання на пандэмічны грып A (H1N1), у тым ліку за час уздыму захваральнасці – 153 выпадкі.
Пры гэтым чыноўнікі афіцыйна заявілі, што ўжо не падлічваюць выпадкі захворванняў на пандэмічны грып A/H1N1.
Намеснік галоўнага доктара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГіАЗ) Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязаная са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», - сказала яна.
Пры гэтым, гаворачы пра выпадкі захворвання на свіны грып, яна сказала, што «у лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці».
Такім чынам, захварэлых на свіны грып у Беларусі можа быць нашмат больш і вылічацца сотнямі і нават тысячамі.