Словы Мядзведзева нічога не значылі: МЗС яго праігнараваў
- 2.12.2009, 9:31
МЗС РФ дэманстратыўна праігнараваў заклік Мядзведзева не называць нашую краіну «Белоруссией».
Нагадаем, што гэтае пытанне было першым на прэс-канферэнцыі прэзідэнта Расеі для беларускіх журналістаў. Прэзідэнт РФ адказаў, што настойвае на тым, каб нашую краіну называлі Беларусь, а не «Белоруссия».
У далейшым гэтая тэма атрымала развіццё на аб'яднанай калегі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі. «У працы чыноўнікаў, у афіцыйных дакументах недапушчальна ўжыванне неафіцыйнай назвы Рэспублікі Беларусь», -- заявіў расейскі міністр Аляксандр Канавалаў і дадаў, што яго ведамства будзе сачыць за захаваннем гэтага правіла.
Аднак, як піша газета «Салідарнасць», мяркуючы па ўсім, МЗС РФ пляваць хацеў і на Мінюст, і на ўказанні Дзмітрыя Мядзведзева. На сайце расейскага знешнепалітычнага ведамства Беларусь па-ранейшаму называецца «Белоруссией».
Гэта можна было б спісаць на непаваротлівасць чыноўнікаў, але не: гэта прынцыповая пазіцыя. У МЗСе РФ інтэрнэт-газеце «Взгляд» заявілі, што ў Расеі Беларусь правільна называць «Белоруссией», патлумачыўшы пры гэтым: маўляў, мы кіруемся правіламі расейскай мовы.
Здавалася б, чаго прасцей. Ваш партнёр просіць вас, каб вы называлі яго Беларусь. Ваш прэзідэнт настойвае на тым, каб вы ўжывалі назву Беларусь. У сітуацыі, якая склалася, было б цалкам лагічна не чапляцца за адмазку ў выглядзе «правілаў расейскай мовы» (якія, заўважым, у апошні час перажываюць істотныя змены), а выканаць гэтае няцяжкае пажаданне. Але расейскія чыноўнікі сталі ў позу, адзначае выданне.