Адмоўна сальда знешняга гандлю - амаль 6 мільярдаў даляраў
- 2.12.2009, 10:44
Адмоўнае сальда Беларусі па гандлі таварамі за кастрычнік павялічылася на 710,2 мільёна даляраў.
Такім чынам, як адзначае «БДГ», па выніках студзеня-кастрычніка 2009 года адмоўнае сальда па гандлі таварамі склала 5731,5 млн. даляраў. Годам раней, на першае лістапада 2008 года, адмоўнае сальда Беларусі складала 4956,7 млн. даляраў.
Агульны аб'ём знешняга гандлю таварамі ў студзені-кастрычніку 2009 года склаўся ў памеры 39,6 млрд. даляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ён скараціўся на 37,2%.
Пры гэтым імпарт тавараў знізіўся на 33,3% да 22,68 млрд. даляраў, у той жа час экспарт скараціўся ў параўнанні з мінулым годам на 41,7% да 16,95 млрд. даляраў.
У агульным аб'ёме экспарту пастаўкі ў СНД склалі 7,45 млрд. даляраў (мінус 41,8% у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2008 года). Паводле дадзеных Белстата, экспартныя пастаўкі ў Расею знізіліся на 42,6% (да 5,54 млрд. даляраў), падзенне беларускага экспарту ва Украіну склала 48,7% (да 1,32 млрд. даляраў).
Экспарт у краіны па-за СНД склаў амаль 9,5 млрд. даляраў, скараціўшыся ў параўнанні з мінулым годам на 41,6%.
Сітуацыя з імпартам у Беларусь склалася наступным чынам. У студзені-кастрычніку бягучага года Беларусь імпартавала з краінаў СНД тавараў на агульную суму 14,5 млрд. даляраў (мінус 37,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).
У агульным аб'ёме імпарту пастаўкі з Расеі склалі 13,3 млрд. даляраў, з Украіны – 1 млрд. даляраў. З краінаў па-за СНД у студзені-кастрычніку было імпартавана тавараў на суму 8,1 млрд. даляраў. Варта адзначыць, што імпарт тавараў з Расеі сёлета скараціўся на 36,5%, з краінаў па-за СНД – на 25,4%.