BE RU EN

Літва не атрымлівала ад МЗС Беларусі патрабаванняў адносна назвы краіны

  • 2.12.2009, 14:35

Дзяржкамісія па мове абмеркавала б просьбу Беларусі, каб у дакументах літоўскіх дзяржустаноў яе назву пісалі як «Беларусь», аднак пакуль такое жаданне не было выказана ў пісьмовай форме.

Зараз у літоўскай мове ёсць дзве формы назвы Беларусі - Baltarusija і Gudija («Балтарусія» і «Гудзія»).

Раней паведамлялася, што Міністэрства юстыцыі Беларусі зверне ўвагу на ўжыванне афіцыйнай назвы краіны ў дакументах дзяржаўных органаў Літвы. Пра гэта заявіў журналістам у Менску пасля дакладу ў «палаце прадстаўнікоў» міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў.

«Экспертыза на прадмет ужывання правільнай назвы нашай краіны ў Літве яшчэ не праводзілася. Але ў адносінах правільнага выкарыстання назвы Рэспублікі Беларусь мы таксама будзем наводзіць парадак», - сказаў Галаванаў, адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, што ў Літве часта ўжываюць назву «Балтарусія».

«Пакуль нічога казаць не буду, такія пытанні трэба вырашаць субтыльна, адказ мусіць быць абгрунтаваным. Гэта новая з’ява – у нас ёсць традыцыйная назва «Балтарусія», таксама ёсць назва «Гудзія», якая не вельмі прыжылася. Калі насамрэч паступіць такі зварот, будуць выкладзеныя матывы, мы б разгледзелі, ці варта выконваць традыцыі, што яшчэ ўлічваць. Пасля такога аналізу можна было б даць адказ», - сказала ў інтэрв’ю DELFI намеснік старшыні Дзяржаўнай камісіі па мове Юратэ Паленітэ.

Паводле Паленітэ, калі такая просьба паступіць, яе будзе абмяркоўваць уся Дзяржаўная камісіія па мове.

«Пакуль пра такую заяву мы ведаем толькі з СМІ, афіцыйнага звароту не было. Назвы дзяржаў на літоўскай мове рэгламентуе Дзяржаўная камісія па мове. Ёсць дзве кароткія назвы - «Балтарусія» і «Гудзія» і адна доўгая «Балтарусіес рэспубліка», – сказаў DELFI прэс-сакратар МЗС Літвы Раландас Качынскас.

Паводле яго словаў, МЗС кіруецца пастановамі Дзяржаўнай камісіі па мове.

Апошнія навіны