Крытык Мінздароўя доктар Шаўлаў патрапіў у рэанімацыю
- 24.12.2009, 15:50
Мікалай Шаўлаў публічна выступіў з заявай пра эпідэмію атыповай пнеўманіі ў Беларусі і крывадушнасць чыноўнікаў ад медыцыны.
Урач-інфекцыяніст Мікалай Шаўлаў, асістэнт кафедры інфекцыйных хваробаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі 23 снежня быў шпіталізаваны ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі 5-га гарадскога клінічнага шпіталя Менска. Пра гэта БелаПАН паведаміў калега Шаўлава, які пажадаў застацца неназваным.
У 5-й клініцы пацвердзілі, што Шаўлаў знаходзіцца ў рэанімацыі. 60-гадовы медык перанёс гіпертанічны крыз, які ўскладніўся інсультам. Яго стан урачы ацэньваюць як «цяжкі, са станоўчай дынамікай».
Як паведамлялася раней, Шаўлаў выступіў у СМІ з адкрытым лістом, у якім заявіў пра эпідэмію атыповай пнеўманіі ў Беларусі. Пад гэтым захворваннем Шаўлаў разумее цяжкую, нехарактэрную хаду хваробы.
Шаўлаў выказаў меркаванне, што ў Беларусі не праводзіцца дыягностыка атыповай пнеўманіі, таму нельга сцвярджаць, што ў краіне няма гэтага захворвання. «Я не функцыя ў белым халаце, я ўрач» — патлумачыў сваю грамадзянскую пазіцыю Шаўлаў. Ён лічыць, што, перш за ўсё, неабходна разабрацца, што за вірус выклікаў пазашпітальную пнеўманію, ад якой людзі ў Беларусі гінулі за тры-пяць дзён. Урач падкрэсліваў, што нетыповым з'яўляецца як хада захворвання, так і ўзрост памерлых, большасць з якіх былі маладыя людзі.
Да таго, як Шаўлаў патрапіў у рэанімацыю, ён сцвярджаў, што «сур'ёзных праблемаў у сувязі з яго публічнымі выказваннямі на працы ў яго не было». Аднак пасля сваіх публічных заяваў па просьбе кіраўніцтва Шаўлаў напісаў тлумачальную запіску.
Зараз з ім немагчыма звязацца, паколькі ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі, дзе ён знаходзіцца, хворым забаронена карыстацца тэлефонам.