Праз тры месяцы ўлады прызналі, што эколаг Ажароўскі быў арыштаваны незаконна
- 28.12.2009, 8:33
Намеснік міністра інфармацыі пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу і вярнуць эколагу асобнікі друкаваных матэрыялаў, якія ён распаўсюджваў.
Як паведамляе агенцтва БелаПАН, Міністэрства інфармацыі Беларусі пастанавіла спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні расейскага эколага Андрэя Ажароўскага за распаўсюд друкаваных экзэмпляраў Крытыкі ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС і вярнуць канфіскаваныя ў яго друкаваныя матэрыялы. Пра гэта кажацца ў пастанове Міністэрства інфармацыі Беларусі № 16 ад 3 лістапада, копія якой паступіла ў распараджэнне агенцтва.
Расейскі фізік-ядзершчык, каардынатар праектаў групы «Экаабарона» (Масква) Андрэй Ажароўскі быў затрыманы 9 кастрычніка ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць), куды прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, прысвечаных папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС. У яго канфіскавалі 94 друкаваныя матэрыялы пад назвай «Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС». У момант затрымання Ажароўскі, паводле яго словаў, не раздаваў друкаваныя матэрыялы. Судом Астраўца па абвінавачванні ў дробным хуліганстве ён быў прысуджаны да сямі сутак арышту, якія правёў у мясцовым ізалятары часавага ўтрымання.
У пастанове за подпісам намесніка міністра інфармацыі Беларусі Ігара Лапцёнка кажацца аб адсутнасці ў дзеянні Ажароўскага складу адміністрацыйнага правапарушэння. «Паводле часткі 2 артыкулы 22.9 Асаблівай часткі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці прадугледжваецца пры ўмове распаўсюджвання перыядычных друкаваных выданняў без выходных звестак. …> Канфіскаваныя матэрыялы не з'яўляюцца прадукцыяй друкаванага СМІ», — адзначаецца ў дакуменце.
Намеснік міністра інфармацыі пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу і вярнуць эколагу асобнікі друкаваных матэрыялаў.
Як заявіў у каментары з гэтай нагоды Андрэй Ажароўскі, «усім было відавочна, што крытыка АУНА не з'яўляецца перыядычным СМІ, таму спроба абвінаваціць мяне ў парушэнні закона аб СМІ правалілася». «Але менавіта гэтае абвінавачванне з'явілася падставай для майго затрымання як афіцыйна зарэгістраванага ўдзельніка слуханняў. Абвінавачванне ў дробным хуліганстве з'явілася праз тры гадзіны пасля затрымання, непасрэдна перад пачаткам суда», — адзначыў навуковец.
Расейскі фізік у хуткім часе мае намер прыехаць у Менск, каб атрымаць канфіскаваныя ў яго матэрыялы.