Галоўурач шпіталя: «На працягу некалькіх гадзінаў карціна захворвання змяняецца вокамгненна»
- 3.12.2009, 8:52
Грып сёлета прыйшоў у нехарактэрны перыяд, адзначаюць урачы.
У Мазыры з пачатку эпідэмічнага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ каля 500 чалавек захварэла на пнеўманію, дзевяць з іх памерлі.
Такія дадзеныя прывёў галоўны урач Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Ігар Баранаў у інтэрв'ю раённай газеце «Жыцце Палесся».
Паводле інфармацыі галоўурача, у лістападзе на ВРВІ і грып захварэлі больш за 15 тыс. жыхароў Мазыра і раёна, у тым ліку каля 6,5 тыс. дзяцей да 14 гадоў. Самы высокі рост захворвання быў зарэгістраваны 9—10 лістапада. Больш схільнымі да хваробаў былі асобы ва ўзросце ад 18 да 54 гадоў і дзеці да 14 гадоў. За лістапад у паліклініках зарэгістравана каля 24 тыс. наведванняў дарослымі і каля 14 тыс. — дзецьмі, па дамох агледжана каля 5 тыс. дарослых і больш за 6,5 тыс. дзяцей.
«Грып сёлета прыйшоў раней часу, у нехарактэрны для яго перыяд. Акрамя таго, ніхто не чакаў такога рэзкага ўздыму захворвання і што ён пацягне за сабой больш небяспечныя і цяжкія праявы — ускладненні ў выглядзе пнеўманіі», — адзначае урач у газетным артыкуле. Паводле яго дадзеных, за ўвесь перыяд прайшлі стацыянарнае лячэнне 452 хворых на пнеўманію, выпісана пасля папраўкі 225 чалавек. Застаюцца на лячэнні 185 дарослых і 41 дзіця. Дзевяць чалавек знаходзяцца ў аддзяленні рэанімацыі, пяць з іх — на штучнай вентыляцыі лёгкіх і, па словах галоўурача, выклікаюць «найбольшую трывогу».
Ад пнеўманіі памерлі хворыя ва ўзросце да 50 гадоў. Адны мелі спадарожную паталогію, у іншых не было праблемаў са здароўем да паступлення ў шпіталь. «Мы адзначалі, што на працягу некалькіх гадзінаў карціна змянялася вокамгненна, і нават у людзей, якія знаходзіліся ў шпіталі, ускладняўся клінічны стан. …> Акрамя кіслароднай падтрымкі прыходзілася (і зараз прыходзіцца) звяртацца да штучнай вентыляцыі лёгкіх з-за асаблівасці пашкоджання лёгачнай тканіны, а менавіта пашкоджання ніжніх аддзелаў дыхальнай сістэмы. Карціна пагаршаецца тым, што назіраецца гіпаксемія, гэта значыць нізкае насычэнне крыві кіслародам з прычыны таго, што пашкоджваецца лёгачная тканіна, што прыводзіць да поліарганнай недастатковасці», — тлумачыць урач.
Па словах Баранава, у Мазырскім раёне зарэгістравана сем выпадкаў захворвання на грып А (H1N1). Гэты вірус вылучаны ў чатырох памерлых ад пнеўманіі.