Беларусам прапаноўваюць чытаць «Код Чавеса»
- 3.12.2009, 13:52
Беларускія чытачы ў наступным годзе змогуць пазнаёміцца з перакладзенай на расейскую мову кнігай венесуэльскай пісьменніцы Евы Галінджэр «Код Чавеса».
Генеральны дырэктар і сузаснавальнік Цэнтра стратэгічных даследаванняў у Каракасе доктар юрыдычных навук Ева Галінджэр 2 снежня з аднадзённым візітам наведала Менск, паведамляе БелТА.
Кніга «Код Чавеса» выйшла ў Венесуэле ў 2005 годзе, гэта першая кніга Евы Галінджэр. У 2006 годзе яна напісала кнігу «Буш супраць Чавеса: вайна Вашынгтона супраць Венесуэлы», у 2009 годзе — кнігу «Павуцінне імперыі, энцыклапедыя ўмяшання і звяржэння». Выданні Евы Галінджэр ужо перакладзеныя на ангельскую, французскую, нямецкую і італьянскую мовы.
Заўзятая прыхільніца венесуэльскага дыктатара Ева Галінджэр, якая мае венесуэльскае і амерыканскае грамадзянства, займаецца даследаваннямі «тэмы ўмяшання ва ўнутраныя справы Венесуэлы і іншых лацінаамерыканскіх краін». У якасці прыкладаў «умяшання» яна прыводзіць так званыя каляровыя рэвалюцыі на постсавецкай прасторы. Зараз адной з тэм яе даследаванняў з'яўляецца размяшчэнне вайскоўцаў баз у Калумбіі.
Ева Галінджэр, венесуэлка па паходжанні, нарадзілася ў Нью-Ёрку ў 1973 годзе. Яна атрымала ступень доктара юрыдычных навук на факультэце права ў Нью-Йоркскім універсітэце. Працавала ў Вярхоўным судзе штата Нью-Мексіка. Зараз жыве ў Венесуэле.