BE RU EN

У Нью-Йорку пройдзе пікет у падтрымку беларускіх палітвязняў

  • 3.12.2009, 15:46

Актывісты Беларускага моладзевага руху Амерыкі правядуць акцыю каля цэнтральнага офіса ААН у Нью-Йорку.

Пікет пройдзе ў другой палове дня 6 снежня. Як адзначаюць арганізатары акцыі, галоўныя мэты пікету выказванне падтрымкі беларусам, якія па палітычных прычынах знаходзяцца за кратамі або абмежаваныя ў правах, і тым актывістам апазіцыі, якія былі прызваныя на службу ў войска з парушэннем існуючага заканадаўства краіны; маральная падтрымка людзям, якія змагаюцца за дэмакратызацыю Беларусі; распаўсюд інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі, аб новых супрацьзаконных фактах ціску на журналістаў і недзяржаўныя СМІ і на грамадзянскую супольнасць Беларусі.

Беларускі моладзевы рух Амерыкі заклікае беларусаў прыняць удзел у пікеце, які адбудзецца 6 снежня а 14:00 каля галоўнага офіса ААН у Нью-Йорку, і выказаць свой пратэст дзеянням цяперашніх нелегітымных улад Беларусі.

«Толькі разам мы мацней!» -- адзначаюць арганізатары пікету.

Пікет адбудзецца па адрасе – 760 United Nations Plaza,New York City, NY 10017 (паміж E 42 і E 43 Street на 1 Avenue).

Апошнія навіны