СААЗ: Беларусь уваходзіць у лік краінаў з ростам актыўнасці свінога грыпу
- 5.12.2009, 9:17
Актыўнасць віруса А/H1N1 узрасла за апошні тыдзень у сувязі з распаўсюджваннем сезонных відаў грыпу.
Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на апублікаваную 4 снежня заяву Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
У Расеі актыўнасць новага віду грыпу застаецца высокай, у некаторых рэгіёнах назіраецца рост колькасці заражэнняў, кажацца ў заяве арганізацыі.
Паводле дадзеных САЗ, рост актыўнасці віруса назіраецца ў Беларусі, Баўгарыі, Малдове і Украіне.
У шэрагу краінаў Заходняй і Усходняй Еўропы захворванне на грып пайшло на спад. У прыватнасці, у Бельгіі, Ісландыі, Ірландыі, Нідэрландах, Нарвегіі і часткова ў Вялікабрытаніі пік распаўсюджвання віруса мінуў. Верагодна, кажацца ў заяве СААЗ, хутка пойдзе на спад і актыўнасць распаўсюджвання А/H1N1 у Гішпаніі, Партугаліі, Італіі, Швецыі і Даніі.
У той жа час пік актыўнасці віруса, які выклікаў новы від грыпу, мінуў у Паўночнай Амерыцы.
Паводле дадзеных СААЗ, колькасць выпадкаў смерці ад заражэння грыпам А/H1N1 у свеце за тыдзень узрасла амаль на тысячу — да 8.768 па стане на 29 лістапада. На мінулым тыдні паведамлялася пра 7.826 тых, хто памёр.
У заяве арганізацыі кажацца, што шэраг краінаў адмовіўся ад індывідуальнага ўліку кожнага лабараторна пацверджанага выпадку заражэння новым відам грыпу, у сувязі з чым СААЗ спыняе публікаваць дадзеныя пра колькасць тых, хто захварэў у свеце.
У сярэдзіне ліпеня СААЗ вырашыла больш не інфармаваць пра кожны лабараторна пацверджаны выпадак заражэння грыпам А/H1N1 у свеце, бо такі падыход з'яўляецца занадта «рэсурсаёмістым» і складаным для шэрагу краінаў.
У апублікаванай 4 снежня справаздачы арганізацыі кажацца, што па стане на 29 лістапада выпадкі заражэння грыпам А/H1N1 былі пацверджаныя ў 207 краінах і тэрыторыях.
Выканаўца абавязкаў памочніка гендырэктара СААЗ па пытаннях бяспекі ў галіне аховы здароўя і навакольнага асяроддзя Кеджы Фукуда заяўляў, што ў выпадку пандэміі грыпам A/H1N1 можа заразіцца траціна насельніцтва Зямлі.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, Мінздароўя сёння кажа пра 179 людзей, якія захварэлі на свіны грып у Беларусі. Тым часам у Беларусі сёння сотні тысячаў людзей хворыя на грып. Пры гэтым чыноўнікі афіцыйна заявілі, што ўжо не падлічваюць выпадкі захворвання на пандэмічны грып A/H1N1.
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГіГЗ) Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязаныя са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», — сказала яна.
Пры гэтым, кажучы пра выпадкі захворвання на свіны грып, яна сказала, што «у лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці».
Такім чынам, тых, хто захварэў на свіны грып, у Беларусі можа быць нашмат больш і вылічацца сотнямі і нават тысячамі.