Лукашэнкаўскія прагнозы росту эканомікі – інфаркт дырэктараў заводаў
- 8.12.2009, 13:19
Беларускі правіцель зацвердзіў прагноз росту эканомікі ў 2010 годзе на 11-13%, але гэтая задача невыканальная.
Зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам прагноз росту эканомікі на 11-13% – «гэта інфаркт дырэктараў заводаў і прадпрыемстваў, новага міністра эканомікі», - лічыць вядомы эканаміст, кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. У інтэрв'ю ucpb.org ён растлумачыў сутнасць гэтай нерэальнай для выканання праграмы.
«Лукашэнка даў указанне вярнуцца да хуткага росту эканомікі. Пракаповіч і іншыя чыноўнікі напісалі тое, што ён хоча, - кажа Леанід Заіка. - Але гэта толькі пажаданні, якія не рэальна выканаць, скажам, павялічыць прадукцыю сельскай гаспадаркі на 10-11%. Экспарт збіраюцца павялічыць на 28% , але страцілі 40%. Гэта значыць, калі павялічаць на 28%, вернемся да сітуацыі трохгадовай даўнасці. Калі павялічыць прамысловасць на 12% , а яна зараз знізілася на 5%, то хто будзе купляць, адкуль грошы?»
Эксперт назваў «абсалютна вар'ятскімі» прагназуемыя тэмпы росту зарплаты – 13- 14% пры інфляцыі 9-10%. Такім чынам, намінальная налічаная сярэднемесячная зарабатная плата па народнай гаспадарцы - 500 даляраў да канца наступнага года. Пры гэтым пажаданні застануцца толькі пажаданнямі беларусам разбагацець, «калі яшчэ да таго часу яны будуць працаваць, таму што 4/5 прадукцыі аўтамабільнага заводу ўжо зараз не патрэбныя нікому, 40% беларускіх трактароў таксама нікому не патрэбныя», - адзначае Леанід Заіка.
Эканамісты адзначаюць, што ўсё будзе інакш, не так, як запланавана, і, вядома, не так аптымістычна, як у зацверджаным прагнозе Лукашэнкі.