Медыкі: «Колькі памерла ад пнеўманіі – невядома: патолагаанатамы доўга працуюць»
- 9.12.2009, 16:55
У адрозненне ад чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, дактары не бяруцца дакладна прагназаваць час прыходу ў краіну другой хвалі грыпу.
Днямі медыкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя заявілі, што Беларусь уваходзіць у зону, дзе пачынаецца другая хваля «свінога» грыпу. Актыўнасць вірусу А/H1N1, паводле іх слоў, назіраецца таксама ў Балгарыі, Малдове і Украіне.
Другая хваля «свінога» грыпу, кажуць міжнародныя спецыялісты, пачалася ў сувязі з распаўсюджваннем сезонных відаў грыпу. Амаль адначасова з міжнароднымі медыкамі зрабіў заяву і першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Роберт Часнойць. Згодна з яго словамі, другую хвалю захворванняў на грып у нашай краіне трэба чакаць не раней за канец снежня — пачатак студзеня 2010 года.
Ускосна словы намесніка міністра пацвердзіла «Еўрарадыё» і загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Крэтава. Згодна з яе словамі, у Беларусі пакуль не назіраецца другая хваля захворванняў на грып. Аднак даваць дакладныя прагнозы на бліжэйшы час спецыяліст не рызыкнула.
У той жа час супрацоўнік кафедры інфекцыйных хвароб Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Шаўлаў лічыць, што прагназаваць «хвалі» сёлетняга грыпу — справа няўдзячная.
«Займацца прагнозамі для мяне — гэта варажба на кававай гушчы. Мы зараз маем справу з эпідэміяй, якіх не было ўвогуле. Таму ўсе прагнозы засноўваюцца на нейкіх незразумелых крытэрах. Гэта не сезонны грып, калі ёсць заканамернасці эпідэмічнага працэсу. А якія тут заканамернасці — невядома», - кажа спецыяліст.
Таму, кажа, не трэба на веру ўспрымаць прагнозы прадстаўнікоў як беларускай, так і міжнароднай сістэмы аховы здароўя.
У тым, што другая хваля грыпу будзе, ніякіх сумневаў няма. Але медыкі не робяць ніякіх прагнозаў наконт таго, наколькі яна будзе цяжкай. Дарэчы, на сайце Міністэрства аховы здароўя нават няма звестак пра тое, колькі дакладна людзей перахварэла падчас першай хвалі. З асобных крыніц вядома, што за перыяд эпідэміі з 29 кастрычніка па 4 снежня, да прыкладу, у Менскай вобласці на грып перахварэла больш за 662 тысячы чалавек, а ў Гомельскай — 191.659 чалавек. Па ўсёй краіне афіцыйна зарэгістравана 179 выпадкаў захворванняў на вірус А/H1N1. Звестак пра тое, колькі чалавек захварэла на пнеўманію — няма. А тым больш пра тое, колькі людзей ад яе памерла.
Загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Менскай санстанцыі Святлана Крэтава сцвярджае, што яны такіх звестак не маюць.
«Звестак такіх у нас няма. Пакуль няма. Патолагаанатамы доўга працуюць», - сказала медык.
Між тым, менавіта пнеўманію, выкліканую грыпам, лекары лічаць самай небяспечнай. Пэўны час таму ў размове з «Еўрарадыё» доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры фтызіяпульманалогіі Медыцынскай акадэміі паслядыпломнага навучання Валянцін Кароўкін назваў тых, хто захварэў на грыпозную пнеўманію, няшчаснымі людзьмі.
«Грып — вельмі хуткацечная інфекцыя. Ён знішчае субпапуляцыі лімфацытаў, якія нам неабходныя для абароны ад інфекцыі, у лічаныя дні. Гэта з аднаго боку. А з другога — ён паражае мембраны, і тыя няшчасныя выпадкі, якія мы маем, — гэта ў асноўным гемарагічная ацёчнасць лёгкага. Гэта проста няшчасныя людзі — у каго грып ускладніўся пнеўманіяй», -- сказал урач.
Дарэчы, як стала вядома, пасля таго інтэрв'ю, якое перадрукавалі большасць беларускіх СМІ, доктара медыцынскіх навук «папрасілі» пакінуць пасаду загадчыка кафедры «па ўласным жаданні».
У чаканні другой хвалі «свінога» грыпу Міністэрства аховы здароўя плануе набыць 1 мільён доз вакцыны. Як абяцае намеснік міністра Роберт Часнойць, у краіне яна з’явіцца ў другой палове снежня. Але з улікам таго, што кожнаму чалавеку патрэбна дзве дозы, вакцыны хопіць усяго на 500 тысяч чалавек. Таму прышчэпліваць будуць толькі супрацоўнікаў арганізацый аховы здароўя і «жыццёва неабходных службаў краіны». Астатнім давядзецца засцерагацца ад захворвання аксалінавай маззю.
Але калі нават вам і пашчасціць набыць гэтую мазь у аптэцы, у дактароў ёсць вялікі сумнеў наконт яе эфектыўнасці. Прынамсі, калі казаць пра менавіта сёлетні грып. Гэта паведаміў супрацоўнік кафедры інфекцыйных хвароб Мікалай Шаўлаў.
«Доказаў таго, што яна працуе, я нідзе не чытаў і не сустракаў. Пры сёлетнім грыпе яна адназначна не працуе. Падчас сезоннага, магчыма, нейкая абарона была. Але зараз зусім іншы грып», - кажа спецыяліст.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, сёлета бясплатныя прышчэпкі ад звычайнага грыпу зрабілі 1.010.632 чалавек. Праўда, людзі і зараз працягваюць рабіць прышчэпкі за ўласныя грошы. Дзесьці прышчэпкі аплочваюць прадпрыемствы. Але ўсё адно гэта не выглядае на маштабную падрыхтоўку да другой хвалі грыпу.