Ідэолагі адмовілі грамадскім актывістам у памяшканні
- 19.02.2009, 12:53
Спачатку дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі пагадзіўся здаць памяшканне пад сход грамадскіх арганізацыяў Гомельшчыны. Але пасля кансультацыяў з ідэалагічным куратарам вобласці забраў абяцанне.
«На 21 лютага запланаваны сход прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў Гомельшчыны. Я высветліў, што ў гэты дзень будуць свабодныя памяшканні ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі «Юнацтва». З дырэктарам дамовіліся», -- распавядае «Еўрарадыё» Уладзімір Кацора, намеснік старшыні гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Прававая ініцыятыва».
Каб атрымаць дазвол на арэнду, Кацора звярнуўся з заявай да Пятра Кірычэнкі, намесніка старшыні аблвыканкама па ідэалогіі.
«Праз некалькі дзён мне патэлефанаваў дырэктар «Юнацтва». Ён сказаў, што даць памяшканне не можа. Прычыну не назваў, маўляў, не тэлефонная размова. А днямі я атрымаў пісьмовы адказ на сваю заяву за подпісам начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Марыны Бондар. У адказе кажацца, што памяшканні «Юнацтва» 21 лютага занятыя пад «планавыя мерапрыемствы», -- паведаміў грамадскі актывіст.
Абласны сход у Гомелі праводзіцца напярэдадні нацыянальнай Асамблеі грамадскіх арганізацыяў, якая пройдзе ў Менску 6-7 сакавіка. Уладзімір Кацора паведаміў, што гомельскі сход пройдзе ў прыватным памяшканні.