Эмануэліс Зінгерыс: «Расея і Беларусь будуюць агрэсіўны альянс»
- 20.02.2009, 13:52
Сойм Літвы звяртае ўвагу еўрапейцаў на небяспеку стварэння адзінай сістэмы СПА Беларусі і Расеі.
Нягледзячы на словы аб прыкметах дэмакратыі ў Беларусі, ніякага пацяплення ў гэтай краіне няма, сцвярджае чалец Камітэта Сойма Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс. Стварэнне Расеяй і Беларуссю адзінай сістэмы СПА, лічыць ён, сведчыць пра агрэсіўнасць ваеннага альянсу, які неўзабаве стане суседам Літвы.
Пра гэта Э.Зінгерыс заявіў журналістам у пятніцу, калі парламенцкі Камітэт па замежных справах (КЗС) абмяркоўваў адносіны з Беларуссю, паведамляе літоўскі сайт Delfi.lt.
У гэтым паседжанні КЗС удзельнічаў не толькі міністр замежных справаў Вігаўдас Ушацкас, але і кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Повілас Малакаўскас, начальнік Другога аддзела аператыўных службаў пры Міністэрстве абароны Юозас Качэргюс.
Адным з пытанняў, якія абмяркоўваліся, была расейска-беларуская сістэма СПА, аб стварэнні якой нядаўна дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў.
«Была шчырая размова. Мы ацанілі інтарэсы ў дачыненні да Беларусі. Наш нацыянальны інтарэс – незалежная, стабільная Беларусь, якая функцыянуе па законах адкрытага і свабоднага рынка і накіруецца ў бок умацавання адкрытага, дэмакратычнага грамадства», - патлумачыў журналістам В.Ушацкас.
Э.Зінгерыс назваў планы Беларусі і Расеі аб стварэнні адзінай сістэмы СПА «жалезнай стратэгіяй двух дзяржаваў», «адзінай структурай знешніх межаў і ўнутранай арміі», якія сведчаць аб поўным альянсе Расеі і Беларусі ў сферах унутраных справаў, абароны і спецслужбаў.
«Гэтая дамова накіраваная вонкі. Яна сведчыць пра агрэсіўны ваенны альянс, які размесціцца ля нашых межаў. У НАТА няма такіх задачаў у дачыненні ні да Расеі, ні да Беларусі», - сказаў парламентар.
Разам з тым чалец КЗС заклікаў літоўскіх прадпрымальнікаў устрымацца ад паспешлівых інвестыцыяў у рынак Беларусі – каб не ператварыцца ў закладнікаў.
«Я прапаноўваю нашаму бізнэсу арыентавацца на стабільную прастору НАТА і ЕЗ, скандынаўскія і іншыя заходнееўрапейскія краіны. І хоць прыбытак у гэтым выпадку будзе ў разы меншы, ён не будзе ў стане заўсёднага спалоху, калі дыктатар можа ў кожны момант аддаць загад, які будзе выкананы», - сказаў Э.Зінгерыс.
Паводле яго словаў, мы не можам сабе дазволіць раскошу «патрапіць на кручок небывалага прыбытку, а затым дрыжаць, асцерагаючыся, што прыбытак стане закладнікам у руках Беларусі і Расеі».
Э.Зінгерыс лічыць, што Літва не павінна на злом галавы кідацца выконваць курс некаторых установаў ЕЗ па «станоўчай ацэнцы дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі». На яго думку, добразычлівымі выказваннямі ў адрас Беларусі Літву хочуць ператварыць у пасярэдніка паміж Усходам і Захадам, выразнікам інтэрасаў Расеі і Беларусі ў НАТА і ЕЗ.