BE RU EN

«Прарыў» на мэдыяфронце

  • Алесь Анціпенка, www.baj.by
  • 3.02.2009, 10:36

Неяк крыху няёмка за эйфарыю, якая ахапіла некаторых прадстаўнікоў «дэмакратычнага лягеру» ў зьвязку са стварэньнем «грамадзкіх» радаў «пры».

Да таго ж, ніхто з запрошаных ня супраць туды ўступіць. Я не пра тое, што ня варта. Проста хочацца даведацца: а дзеля чаго? Відаць, дзеля дыялёгу.

Цікава, але дзе і на якім афіцыйным узроўні было агучана, што ўлада хоча дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю ці палітычнай апазыцыяй? Нідзе не было агучана. Улада проста стварае рады з няяснымі функцыямі і паўнамоцтвамі. І чым больш цьмяныя і няясныя гэтыя функцыі і паўнамоцтвы, тым больш выйгрышная пазыцыя для тых, хто гэтыя рады стварае. Да таго ж, пазытыўны PR-эфект — несумненны, а абавязкаў і адказнасьці — аніякіх.

Дарэчы, а хоць якія ўмовы запрошаныя высунулі? Наколькі мне вядома, толькі адзін сп. Трусаў запатрабаваў, каб пратаколы паседжаньняў вяліся на беларускай мове. «Сур’ёзнасьць» умовы, напраўду, выклікае ўсьмешку.

І вось нібыта новы посьпех. «Трусаў сустрэўся з Зімоўскім». І той паабяцаў. Дарэчы, а ці ёсьць у запрошаных хоць якая кансалідаваная пазыцыя? Цяпер што, чарга спадарыні Літвіной сустракацца з Зімоўскім? І потым - а чаго вартыя тыя абяцанньні? Яны пісьмова аформленыя і зафіксаваныя?

Апошняе пытаньне ня лішняе. Бо яшчэ зусім нядаўна сп. Зімоўскі куражыўся: «Самое время светилам национальной белорусской литературы и искусства… засесть за иллюстрированное литературно-художественное произведение под названием «Адлiга». В качестве ответной любезности власть позволит провести во Дворце Республики выставку белорусских национальных «абстракцистов и пидарасов»©, а мы с удовольствием растиражируем это в эфире».

Пасаж, як можна бачыць, утрымлівае ня толькі непрыхаваную абразу, але і выразна дэманструе, на якіх «прынцыпах» улада ажыцьцяўляе доступ да дзяржаўных СМІ.

Дык, можа, запрошаным у рады ўсё ж варта мець кансалідаваную пазыцыю і дзеля наладжваньня паўнавартаснага дыялёгу высунуць шэрах умоваў? Сярод іх, напрыклад, мог бы быць пункт пра адхіленьне ад пасады дзейнага старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Вось тады дыялёг і набыў бы сапраўдную вагу і драматургію.

А так, як кажа Эклезыяст, «усё — марнасьць і пагоня за ветрам!».

Апошнія навіны