Менскія дыскатэкі будуць патруляваць міліцыянты разам з педагогамі і бацькамі
- 3.02.2009, 12:45
Падчас спецаперацыі «Дабрабыт» у Менску супрацоўнікі міліцыі, настаўнікі і бацькі будуць патруляваць дыскатэкі і кампутарныя клубы.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у ГУУС Менгарвыканкама.
"На час спецаперацыі "Дабрабыт", якая будзе праходзіць да 25 лютага, у Менску вырашылі адрадзіць савецкую традыцыю патрулявання месцаў масавага адпачынку моладзі. Патрулі з супрацоўнікаў міліцыі, настаўнікаў і бацькоў будуць наведваць дыскатэкі, кампутарныя клубы", - паведамілі ў ГУУС.
У ГУУС таксама паінфармавалі, што "увесь люты падчас аперацый "Дабрабыт" будуць наведваць па месцы жыхарства хранічных алкаголікаў, сямейных скандалістаў". "Спецаперацыя накіраваная на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў у сямейна-пабытовай сферы. Паводле статыстыкі, у Менску ў сферы сямейна-пабытовых стасункаў здзяйсняецца кожнае трэцяе забойства і кожнае чацвёртае наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання", - адзначылі ў ГУУС.