Рада БНР: Адзінае выратаванне беларускага народа – у вызваленні ад дыктатуры
- 6.02.2009, 11:04
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асудзіла падпісаныя Лукашэнкам пагадненні з Масквой.
У заяве Рады БНР, у прыватнасці, сцвярджаецца, што падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам ў Маскве пагадненні пра стварэнне адзінай з Расеяй сістэмы СПА і ўтварэнне калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання ў межах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы ставяць пад пагрозу суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
«Дамоўленасць пра адзіную з Расеяй сістэму СПА і стварэнне калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання сумесна з Расеяй і іншымі недэмакратычнымі рэжымамі замацоўваюць Беларусь у арбіце мілітарыстычных інтэрасаў Крамля. Прызнанне расейскага рубля ў якасці так званай «рэгіянальнай валюты» -- гэта чарговая капітуляцыя Лукашэнкі перад Крамлём, спроба адплаціцца яшчэ адной часткай суверэнітэту краіны за пятнаццаць гадоў свайго некампетэнтнага кіраўніцтва», - кажацца ў заяве.
«Гэтыя дамовы дасягнутыя на фоне далейшай экспансіі Расеі літаральна ва ўсе сферы жыцця Беларусі і знішчэння нацыянальных каштоўнасцяў. Вось ужо некалькі гадоў грамадзяне Расеі валодаюць абсалютна роўнымі правамі на набыццё нерухомасці ў Беларусі, пры гэтым грамадзяне іншых краінаў (у тым ліку і этнічныя беларусы) пазбаўленыя такой магчымасці. У той жа час змяншаецца колькасць беларускамоўных школаў, беларуская мова амаль знікла з дзяржаўнага тэлебачання і радыё, дыскрымінацыя беларусаў па нацыянальнай прыкмеце атрымала масавы характар», - кажацца ў звароце, падпісаным старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.
Акрамя таго, Рада БНР заявіла пра экспансію расейскай дзяржавы, якая расце, што на яе думку, з'яўляецца падрыхтоўкай да чарговага рэферэндуму, на якім ліквідуюць незалежнасць Беларусі.
«Паслабленне нацыянальнай ідэнтыфікацыі, ператварэнне нацыі ў русіфікаванае «насельніцтва» можа быць падрыхтоўкай да чарговага «рэферэндуму», на якім незалежнасць беларускай дзяржавы будзе знішчаная «па волі народа», - лічыць кіраўніцтва Рады.
У сувязі з гэтым Рада БНР лічыць, што «адзіным выратаваннем для беларускага народа з'яўляецца як мага больш хуткае вызваленне ад сённяшняга рэжыму Лукашэнкі і яго падапечных шляхам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў, праведзеных пад кантролем заходніх інстытуцыяў».
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі - найвышэйшы кіраўнічы орган БНР, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года. З 5 студзеня 1919 года дзейнічае ў эміграцыі.