У Ваўкавыску абшукалі кватэру актывіста Партыі БНФ
- 8.02.2009, 16:43
Ператрус адбыўся ў хаце былога дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, сябра партыі БНФ Мікалая Аксаміта.
Канфіскаваныя агітацыйныя матэрыялы з апошняй выбарчай кампаніі, старыя газеты, два бел-чырвона-белых сцяга і пасведчанне Аксаміта як сябра Партыі БНФ.
Жонка апазіцыянера Галіна Аксаміт паведаміла «Радыё Свабода», што ператрус праходзіў у сувязі з крымінальнай справай, якая была ўзбуджаная па факце выбуху ў Менску, які адбыўся 4 ліпеня падчас святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці.
Па ейных словах, акцыю праводзілі следчыя з Менска і Гародні. Ператрус праходзіў з паловы на восьмую раніцы і амаль да 14 гадзін дня. Ператрус рабілі ў кватэры, на лецішчы і ў гаражы.
Мікалай Аксаміт пры гэтым не прысутнічаў, паколькі ён ужо некалькі год працуе за мяжой. Па словах Галіны Аксаміт, у той час, калі адбыўся выбух у Менску, ейнага мужа не было ў Беларусі.
Нагадаем, што сёння жа ў Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. Яны працавалі кіроўцамі ў фірме «Ніка-таксі 22222». У офісе фірмы быў праведзены ператрус, а прадпрымальнікаў арыштавалі і павезлі ў Менск. Прычына арышту пакуль невядомая.