BE RU EN

Віктар Шалкевiч: «Лепей бегаць па лесе без ланцуга, чым сядзець на ланцугу ў будцы»

  • 9.02.2009, 17:31

9 лютага знакамітаму беларускаму барду Віктару Шалкевічу споўнілася 50 год. З гэтай нагоды 15 лютага ў менскім Палацы Прафсаюзаў адбудзецца канцэрт юбіляра.

Напярэдадні юбілею Віктар Шалкевіч распавёў у інтэрв’ю «Народнай Волі», што не жадае рабіць выгляд «вечна маладога».

«Прызнацца шчыра, апошнім часам аглядаюся на свой узрост. Толькі калі праблем ніякіх няма, можна рабіць выгляд, што табе вечна семнаццаць… У той жа час лічу поўнай лухтой спробы некаторых людзей выглядаць вечна маладымі. Я аддаю перавагу таму, каб старэць разам з сваімі слухачамі і гледачамі. Для мяне яны — сама нармалёвае пакаленне. Мне не хочацца падладжвацца пад маладых і апранаць усялякія парыкі», - кажа ён.

Таксама бард у згадаў сваю асабістую сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.

«Падчас нашай сустрэчы на пачатку 90-х гадоў я быў ім захоплены. Але і зараз ён як быў для мяне нармальным мужыком, так і застаўся. Я вельмі люблю такі тып палітыкаў — шырокі і адкрыты. Лічу, што ён паступае зыходзячы з арыенціраў часу… У яго вельмі складаная пасада. Украіна — гэта ж не Беларусь, там ніколі не было парадку ў беларускім сэнсе гэтага слова. Украіна заўсёды была беднай і непрычасанай, але свабоднай. Для ўкраінцаў свабода даражэй за трактары…», - перакананы ён.

Віктар Шалкевіч ня будзе рабіць пышнага сьвяткаваньня свайго юбілею.

«Калі гаварыць пра тых, каго я лічу вялікімі, то не чакаю, што Гасподзь будзе мяне віншаваць… Шчыра кажучы, мне неяк нават няёмка з-за таго, што мне 50… Вось адна мая сяброўка ўзяла і паехала на свае 50-годдзе ў Ізраіль, дзе хадзіла па цэрквах. Я з'язджаць нікуды не збіраюся, як і не збіраюся гучна святкаваць юбілей — проста збяру блізкіх сяброў. Сёння шмат невясёлых падзей адбываецца ў мяне, да таго ж нямала спраў і паездак», - тлумачыць ён.

Па словах барда, ён ніколі не пагадзіліся б узначаліць напрыклад, Музычны тэатр.

«Па-першае, мяне б ніхто не запрасіў, а па-другое, я б ніколі не згадзіўся. Лепей бегаць па лесе без ланцуга, чым сядзець на ланцугу ў будцы. Я ні за што не прамяняю свой вольны хлеб на якую-небудзь пасаду. Бо ведаю, што гэта такое. Да культуры ў Беларусі своеасаблівае стаўленне: людзі культуры ў нас патрэбны, калі неабходна закрыць нейкую дзірку — напрыклад, зрабіць канцэрт альбо прадэманстраваць, што ў нас ёсць культура...», - зазначае Віктар Шалкевіч.

Музыка не задаволены выканаўцамі беларускай бардаўскай песняй новага пакаленьня.

«Справа не ў тым, што яна загінаецца, а ў тым, што яна атрымлівае крыху іншы працяг. Калі я слухаю тых, хто нібыта павінен прыйсці нам на змену, я, на жаль, не бачу адметных людзей, якія б маглі захапіць публіку…», - кажа музыка.

Віктар Шалкевіч разам з адмыслоўцамі з Акадэміі навук, прадстаўнікамі царквы і іншых арганізацыяў падтрымалі ініцыятыву адмены веснавога палявання на вадаплаўных птушак у Беларусі.

«А чаму б не падпісаць? Ляцелі-ляцелі гэтыя птушкі і раптам хтосьці іх падразае — хто ж так робіць, гэта ж непрыгожа… Я люблю жывёл — дома жывуць рыбкі, кошка. Да нядаўняга часу жыў хамячок — эмігрант з Польшчы - але, на жаль, памёр, з-за чаго мы ўсе страшэнна перажывалі. Таму я супраць таго, каб забівалі жывёл…», - зазначае беларускі бард.

Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 года ў мястэчку Поразава Гарадзенскай вобласці, у 1980 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры (1980—1987), выкладчыкам рэжысуры і майстэрства акцёра ў культпрасветвучэльні (1987—1990). З 1990 году - у Гарадзенскім абласным тэатры лялек.

Яшчэ ў школе пачаў пісаць і выконваць песні на беларускай мове. Выпусціў шэсць альбомаў: «Правiнцыя», «Смутны беларускi блюз», «Балады i рамансы», «Добрай ранiцы», «За сто крокаў пекла Вострае Брамы», «Гарадзенец прызямлiўся ў Менску». Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні.

З канцэртамі выступае ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Францыі, Германіі, Чэхіі. Тэксты песень перакладзены на ангельскую, нямецкую, польскую, чэскую і ўкраінскую мовы.

З жонкай знаёмы больш за 30 год. Яна педагог. Дачцэ 21 год. Яна — будучы гісторык мастацтваў.

З нагоды юбілею 15 лютага а 19.00 ў Палацы Прафсаюзаў пройдзе канцэрт з нагоды Віктара Шалкевіча.

Апошнія навіны