Акцыя ў памяць аб загінулай праваабаронцы Паляковай прайшла ў Брэсце (Фота)
- 13.03.2009, 9:57
Брэсцкія актывісты «Маладога Фронту» распаўсюдзілі ў горадзе інфармацыю аб самагубстве Яны Паляковай.
Па горадзе былі расклееныя плакаты з партрэтам і інфармацыяй аб трагічнай гісторыі 36-гадовай праваабаронцы, якая з-за ціску ўладаў скончыла жыццё самагубствам, піша сайт mfront.net.
Нагадаем, 3 сакавіка суддзя Аляксандр Бураўцоў прысудзіў праваабаронцу з Салігорска Яну Палякову да 2,5 год «хіміі» нібыта за паклёп на міліцыянта Віктара Пугачова. 7 сакавіка Яна Палякова была знойдзеная павешанай.
За дзень да самагубства праваабаронцы ў праўладавай газеце «Советская Белоруссия» быў апублікаваны здзеклівы артыкул аб Яне Паляковай, падпісаны Ксенафонтам Суперфасфатавым, які пазней знік з сайта выдання.
Раней праваабаронцы заяўлялі, што дзеянні ўладаў па ціску на Яну Палякову трапляюць пад артыкул 145 КК РБ – «Давядзенне да самагубства».
Маці, сябры і аднадумцы загінулай паведамляюць, што праваабаронцу стала пераследавалі супрацоўнікі міліцыі і пракуратуры Салігорска.


