BE RU EN

У Літве ў Дзень салідарнасці прэзентавалі беларускі фільм «Вызваленьне»

  • 17.03.2009, 15:33

У Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні адбылася прэзэнтацыя дакументальна-публіцыстычнага фільму Вольгі Мікалайчык «Вызваленьне».

Прэзэнтацыя зацікавіла ня толькі беларусаў зь літоўскай сталіцы: сярод гасьцей можна было заўважыць і амбасадара Каралеўства Нарвегіі ў Літоўскай Рэспубліцы Стэйнара Гіля, паведамляе «Радыё Рацыя».

Сумесна з Домам правоў чалавека імпрэзу арганізаваў Аб’яднаны цэнтар беларускіх ініцыятываў. Старшыня гэтай арганізацыі Валер Руселік зазначыў, што прэзэнтацыя «Вызваленьня» – гэта своеасаблівая падрыхтоўка да сьвята 25-га сакавіка.

«Прагляд фільму «Вызваленьне» з'яўляецца першым зь мерапрыемстваў, заплянаваных аргкамітэтам па святкаванні Дня Волі-2009 у Вільні. Пазьней будзе цэлы шэраг мерапрыемстваў, зьнітаваных агульнай тэмай – незалежнасьцю. Тэма незалежнасьці, тэма свабоды Беларусі і беларусаў надзвычай актуальная. На маю думку, на гэтую тэму трэба разважаць, ня толькі ў Дзень Волі, але і ў іншы час», - заявіў ён.

Паглядзець фільм «Вызваленьне» віленчукі ўжо мелі мажлівасць – напрыканцы лютага ў Таварыстве беларускай культуры. Але, падкрэслівае Валер Руселік, паўтор прэзэнтацыі фільма прынясе беларусам Віленшчыны толькі карысць.

«Усялякае мерапрыемства, якое ладзіцца прадстаўнікамі беларускай супольнасці ў Вільні, накіраванае на тое, каб сустрэцца, каб паразмаўляць, задаць адно аднаму пытанні. На маю думку, яно працуе на задзіночванне беларускай супольнасці ў Вільні. Яго было-б злачынна раздзіраць па розных ланцугах, па розных мерапрыемствах», - зазначае старшыня Аб’яднанага цэнтру беларускіх ініцыятываў.

Рэжысэрка «Вызваленьня» Вольга Мікалайчык, у сваю чаргу, перакананая ў тым, што яднаньне дапаможа беларусам выжыць.

«Трэба яднацца, таму што, калі мы гэтага ня зробім, у нас няма шанцаў і пэрспэктывы, калі мы будзем паасобку. Мы адно аднаму патрэбныя, і калі бяда прыходзіць, то трэба кідаць усё і ляцець выратоўваць адзін аднаго, бо калі мы гэтага ня зробім, мы можам усе па адным сысьці», - кажа яна.

Рэжысёрская задума злучыла адным сюжэтам гісторыі апазіцыйных дзеячаў Беларусі: Вячаслава Сіўчыка і ягоных родных, Аляксандра і Ірыну Казуліных, Андрэя Кіма, Сяргея Скрабца і нават моладзевых актывістаў Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча.

Вольга Мікалайчык мяркуе, што ўсіх гэтых розных людзей яднае змаганьне супраць сыстэмы беларускага рэжыму.

«Усе людзі розныя, але гэта – людзі, якія здолелі падняцца з кален, стаць супраць сыстэмы, сказаць: я ёсьць. Іх не зламала жыцьцё. Яны дасюль здольныя змагацца. Змаганне ня ёсьць сэнсам іхняга жыцьця, проста яны патрапілі ў такі час, і яны вымушаныя гэта рабіць, таму што і сумленьне, і душа, і сэрца не вытрымлівае», - падкрэсліла рэжысэрка.

Апошнія навіны