Украіна і Беларусь рыхтуюцца перайсці на разлікі ў грыўне
- 2.03.2009, 8:31
Украіна складае дамову з Беларуссю, паводле якой разлікі паміж краінамі будуць здзяйсняцца ў грыўне.
Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Нацыянальнага банка Ўкраіны Аляксандр Саўчанка ў эфіры тэлеканала «Ўкраіна».
«Мы зараз заключаем пагадненне з Беларуссю. Беларусь хоча, каб разлікі паміж намі былі ў грыўне. Гэта не дрэнная ідэя, гэта добрая ідэя», - цытуе яго «Інтэрфакс».
Пры гэтым Аляксандр Саўчанка нагадаў, што Ўкраіна па шэрагу гандлёвых аперацый з Расеяй разлічваецца расейскімі рублямі.
Па дадзеных Нацбанка, у структуры разлікаў па аперацыях бягучага рахунку аплатнага балансу Ўкраіны па выніках першага паўгоддзя 2008 года на частку даляраў прыходзілася 73,1% - па паступленнях і 69,1% - па выплатах; на частку расейскага рубля - 12,9% і 7,2% адпаведна; на частку еўра - 12,9% і 22,2%; на ўкраінскую грыўну - 0,4% і 0,3%; на частку іншых валют - 0,7 і 1,2%.
Пры гэтым па дадзеных НБУ, частка Беларусі ў агульным аб'ёме знешняга таваразвароту Ўкраіны па выніках першага паўгоддзя 2008 года складала 3,4% ($2,52 млрд): на экспарт прыходзілася $1,053 млрд, на імпарт - $1,467 млрд.