Ідэалагічныя работнікі працягваюць аказваць ціск на беларускіх дэмакратаў
- 23.03.2009, 17:25
У рэгіёнах адбываюцца масавыя тэлефанаванні ды візіты супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў мясцовых «вертыкаляў» да заснавальнікаў партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
Ідэалагічныя работнікі цікавяцца ня толькі тымі, хто ставіў подпісы пад дакумантамі аб заснаванні партыі, але і гасцямі ўстаноўчага з’езду Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, які прайшоў 28 лютага ў Менску, піша прэсавая служба БХД.
Як паведаміў настаяцель грэка-каталіцкай парафіі ў Баранавічах айцец Яўген Маліноўскі, 22 сакавіка на вечаровым набажэнстве быў заўважаны чалавек, які звярнуў на сябе ўвагу тым, што падчас казані сядзеў і пазначаў нешта сабе ў нататнік.
«Пасля набажэнства людзі пачалі абурацца такімі паводзінамі «госця». Я папрасіў яго прадставіцца. Аказваецца, да нас завітаў вядучы спецыяліст па ідэалагічнай працы Баранавіцкага гарвыканкаму Сяргей Пузікаў. Паводле ягоных слоў, грэка-каталікі – «адна з сама агрэсіўных канфесіяў, якія яму знаёмыя», - распавядае айцец Яўген.
Затым Пузікаў прыйшоў асобна да святара і пачаў задаваць яму розныя пытанні наконт рэлігіі й палітыцы.
«Ён паглядзеў дакуманты, запытаў пра мову, на якой вядзецца багаслужба, пра стасункі з іншымі канфесіямі, а потым запытаў пра мае адносіны да «Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі», пра рэлігію і палітыку. Справа ў тым, што я не з’яўляюся заснавальнікам партыі, я быў на з’ездзе госцем. Але вось такая цікаўнасць да БХД сведчыць, што ўлады пачынаюць, так бы мовіць, спецыяльныя рэйды, каб знайсці нейкія зачэпкі і не зарэгістраваць партыю», - зазначыў айцец Яўген Маліноўскі.
Паводле актывіста БХД Міколы Бамбізы, у адным з дзіцячых дамоў Менску распачаты ціск на супрацоўніцу гэтай установы. Прадстаўнік аддзелу ідэалогіі Фрунзенскага райвыканкаму правёў гутарку з начальніцай актывісткі наконт таго, што жанчына з’яўляецца заснавальніцай БХД. Пасля шэрагу размоваў наконт «недапушчальнасці займацца палітыкай», якія, паводле Бамбізы, на актывістку БХД не паўздзейнічалі, кіраўніцтва дзіцячага дому прыгразіла ёй звальненнем.
Аддзел ідэалогіі Маладзечанскага гарвыканкаму пачаў тэлефанаваць мясцовым заснавальнікам партыі з мэтай спраўдзіць, ці падпісваліся яны пад дакумантамі аб заснаванні партыі, дадае актывіст БХД Дзяніс Лаеўскі.
«Цікава, што шукаюць падпісантаў не праз мабільныя ці хатнія тэлефоны, а праз месца працы. Тут выразна бачна, што гэткім чынам людзей збіраюцца прыстрашыць непрыемнасцямі на працоўным месцы», - кажа ён.
Гэтыя навіны пракаменттаваў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павал Севярынец.
«Зразумела, што супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў ня маюць аніякага права запалохваць людзей. Рэпрэсіўная машына рэжыму як працавала, так, па сутнасці, і працуе. Але мы гатовыя прайсці ўсе выпрабаванні, каб стаць легальнай партыяй і працаваць на карысць Беларусі», - заявіў палітык.