Дактыласкапічны «марафон» даў збой – на Навумава падаюць у суд
- 5.03.2009, 10:31
Жыхары Беларусі адмаўляюцца «адкатваць пальчыкі» і падаюць у суд на кіраўніка МУС.
Шматлікія беларусы, якіх прымусілі здаць адбіткі пальцаў, палічылі праведзеную з імі працэдуру зневажальнай:
«Калі адштурхоўвацца ад «логікі грамадзянскага абавязку», то так і да абсурду дайсці нядоўга. Тады і следчы, які кулакамі выбівае паказанні з падследнага, таксама ўзор законнасці, паколькі гэты нядобры падследны адмаўляецца яму дапамагаць!» - такі аргумент можна было пачуць ад людзей, якія адмовіліся праходзіць дактыласкапію.
Адмовы гэтыя нярэдка суправаджаліся папярэджаннямі, а часам і пагрозамі з боку міліцыянтаў: маўляў, цяпер вамі будуць займацца больш сур'ёзныя службы. Журналіст «Белгазеты» Зміцер Растаеў піша, што сам нарваўся на такое папярэджанне, пра што паставіў у вядомасць пракурора свайго раёна, і папрасіў яго даць прававую адзнаку дзеянням праваахоўнікаў.
Адзнака была дзіўнай: «Падствааў для прыцягнення супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі няма, паколькі іх дзеянні ажыццяўляліся ў межах Распараджэння міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь «Аб арганізацыі ўзаемадзеяння з Мінабароны РБ па дактыласкапаванні ваеннаабавязаных грамадзян». Плюс пасаж аб славутым «грамадзянскім абавязку».
Больш пашанцавала жыхару Глуска Ігару Кірыну: па ягонай скарзе пракуратура раёна вынесла афіцыйнае папярэджанне ў адрас кіраўніцтва Глускага РАУС.
«Дактыласкапаванне асоб, якія не з'яўляюцца падазраванымі, павіннеа праводзіцца з іхняй згоды альбо на падставе заявы грамадзяніна», - пацвердзілі ў пракуратуры. Зрэшты, было гэта яшчэ ў верасні, калі напал дыскусій аб «грамадзянскім абавязку» не паспеў дасягнуць свайго апагею.
Сярпом па «ўраджаю»
У распараджэнні N103 ад 26.08.2008г., якое паклала пачатак дактыласкапаванню, кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў паведамляе, што падчас расследаванняў крымінальнай справы аб выбуху 4 ліпеня ў Менску «паўстала неабходнасць атрымання дактыласкапічных узораў для параўнальнага даследавання ў грамадзян РБ ва ўзросце ад 18 да 55 год».
Распараджэнне загадвае падрыхтаваць спісы грамадзян, што падлягаюць дактыласкапаванню, і накіраваць іх у ваенныя камісарыяты. Самае цікавае - у дадатку N1 да распараджэння: «Інфармацыю аб грамадзянах, якія не з'явіліся па выкліку ў ваенны камісарыят, накіроўваць у аператыўныя штабы тэрытарыяльных органаў унутраных спраў для арганізацыі іх прывада сіламі міліцыі грамадскай бяспекі».
У пачатку студзеня Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) звярнуўся да генпракурора Рыгора Васілевіча з просьбай абагульніць практыку разгляду скарг грамадзян на незаконныя дзеянні па дактыласкапаванні і прыняць меры па адмене распараджэння Навумава як незаконнага.
Праваабаронцы папрасілі даць прававую адзнаку дзеянням міністра і пры наяўнасці дастатковых падставаў узбудзіць у адносінах яго крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ст.426 КК «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». Па меркаванні юрыстаў БХК, «дзеянні міністра выйшлі за межы прадастаўленых яму правоў і паўнамоцтваў і пацягнулі істотную шкоду правам і законным інтэрасам грамадзян, а таксама дзяржаўным і грамадскім інтэрасам».
Мабыць, да таго часу Навумаў і сам адчуў «пах дыму»: 15 студзеня ён заявіў на прэс-канферэнцыі, што накіруе ў Саўбез і Саўмін хадайніцтва аб занясенні змен у закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» з прапановай пашырыць пералік асоб, што падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі, і ўключыць у яго ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян.
«Я падтрымліваю ініцыятыву міністра ўнутраных спраў, якая датычыцца дактыласкапавання ўсіх ваеннаабавязаных грамадзян рэспублікі», - заявіў на прэс-канферэнцыі 21 студзеня генпракурор Васілевіч. «Канстытуцыйны суд не ўгледжвае парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян пры правядзенні дактыласкапіі», - выказаўся ледзь пазней старшыня Канстытуцыйнага суду Пётр Міклашэвіч.
Прыярытэты і вектары слупоў айчыннага права былі акрэсленыя досыць зразумела.
Акт? Не факт
3 лютага БХК ад свайго імя і ад сябраў камітэта - бабруйчан Аляксандра Зяноўева і Анатоля Саноценкі, а таксама жыхара Глуска Ігара Кірына, якія заяўляюць, што «сталі ахвярамі парушэнняў з боку органаў унутраных спраў», - накіраваў у суд Цэнтральнага раёна Менска скаргу на дзеянні міністра Навумава. Аднак у завядзенні грамадзянскай справы суд ім адмовіў, абгрунтаваўшы адмову тым, што распараджэнне N103 з'яўляецца нарматыўным прававым актам, і яго аспрэчванне судам непадведамственнае.
Па меркаванні кіраўніка юрыдычнай службы БХК Гары Паганяйла, азначэнне гэта нельга прызнаць законным і абгрунтаваным:
«Распараджэнне Навумава адносіцца да галіны адміністрацыйна-распарадчай дзейнасці і не з'яўляецца нарматыўным прававым актам, абавязковым для выканання ўсімі грамадзянамі, органамі і службовымі асобамі, -- заяўляе Гары Паганяйла. -- Пацверджаннем гэтага служыць і тое, што яно не накіроўвалася ў Мінюст і не зарэгістраванае ў Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ. Акрамя таго, дадзенае распараджэнне як нарматыўны акт не было апублікаванае або даведзенае да ўсеагульнага азнаямлення іншым прадугледжаным спосабам, як таго патрабуе Канстытуцыя. Для суддзі павінна быць відавочным, што і па форме, і па змесце распараджэнне N103 не адносіцца да нарматыўных прававых актаў. Адмаўляючы ў завядзенні грамадзянскай справы, суд груба парушыў правы на судовую абарону, замацаваныя ў Канстытуцыі».
Заяўнікі ўжо звярнуліся ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінгарсуда з просьбай адмяніць азначэнне суду Цэнтральнага раёна і перадаць пытанне на новы разгляд у той жа суд у іншым складзе суддзяў.