Алег Воўчак: «Казулін атрымаў амаль 6 гадоў турмы за апазіцыйную акцыю, а забойцы - ад 2 да 5»
- 14.04.2009, 17:20
Празмерна мяккі прысуд у дачыненні да забойцаў «пухавіцкага падпальшчыка» стварае прэцэдэнт у судовай практыцы і ў чарговы раз сведчыць пра тое, што Беларусь – не прававая дзяржава, лічаць праваабаронцы.
Праваабаронца і былы следчы пракуратуры Алег Воўчак у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 заявіў, што прысуд на тэрмін ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі за асабліва жорсткае забойства – юрыдычны нонсэнс.
«Вядома, для гэта віду злачынства і для судовай практыкі – гэта нонсэнс, -- сказаў праваабаронца прэс-цэнтру Хартыі’97. -- Для такога злачынства – гэта вельмі мяккі прысуд. Гэта можа стварыць прэцэдэнт у судовай сістэме, калі за цяжкія злачынствы будуць выносіцца мяккія прысуды. Статыстыка паказвае, што ў Беларусі з года ў год расце колькасць забойстваў на пабытовай глебе. Такія прэцэдэнты ствараць проста нельга. За гэты від злачынства выносяцца пакаранні ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму».
Па словах Алега Волчека, судовы прысуд у дачыненні да забойцаў «пухавіцкага падпальшчыка», верагодна, быў вынесены па ўказанні ўладаў.
«Не выклікае сумневаў, што суддзя прымаў рашэнне не асабіста, -- заяўляе Алег Воўчак. -- Гэтае палітычнае рашэнне. Яно знішчае і так падарваны імідж беларускай судовай сістэмы і ў чарговы раз даказвае, што ў Беларусі няма незалежных судоў. Прысуд забойцам «пухавіцкага падпальшчыка» можна параўнаць з прысудамі беларускім палітвязням. За асабліва цяжкое злачынства, здзейсненае групай асобаў, суд прызначае меру пакарання ад 2 да 5 гадоў. А узгадайце, як судзілі Аляксандра Казуліна (экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі – заўв. Хартыі’97)? За арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў яго прысудзілі да 5,5 гадам пазбаўлення волі. Гэта яшчэ раз даказвае, што мы жывем не ў прававой дзяржаве».
Нагадаем, што 14 красавіка Гомельскі абласны суд вынес прысуд чатыром жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна па справе аб забойстве імі аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча. Следствам было выяўлена, што Макарэвічу было нанесена некалькі смяротных удараў абухом сякеры па галаве, потым труп мужчыны быў падпалены.
Суд прызнаў чатырох жыхароў Пухавічаў вінаватымі ў забойстве па артыкуле 139 частка 2 КК РБ (забойства, здзейсненае групай асобаў з асаблівай жорсткасцю). Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі ад 8 да 25 гадоў, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротнае пакаранне.
Нягледзячы на цяжкасць здзейсненага злачынства, Гомельскі абласны суд вынес больш чым мяккія прысуды. Адзін забойца быў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, адзін— да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Двое забойцаў былі прысуджаныя да 2 гадоў абмежавання волі.
Суд «змякчыў» прысуд артыкулам 70 КК (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за гэтае злачынства). Нагадаем, што 13 красавіка пракурор запатрабаваў прысудзіць абвінавачаных тэрмінам ад 8 да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка асабіста заступіўся за забойцаў, якія здзейснілі «суд Лінча» над «пухавіцкім падпальшчыкам».