BE RU EN

З’езд беларусаў свету пад пагрозай зрыву

  • 20.04.2009, 9:17

Правядзенне пятага з’езду Згартавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», заплянаванае на 18 - 19 ліпеня, можа адбыцца наўпрост на адной з плошчаў Менску.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» атрымала чарговую адмову на правядзенне з’езду беларусаў свету, паведамляе сайт арганізацыі.

На гэтым тыдні адмовіла адміністрацыя ДК Мінскага трактарнага завода, а таксама 16 іншых заляў Менску. Даць у арэнду памяшканне адмовілі нават у Міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ).

Афіцыйная прычына большасці адмоваў — «рамонтныя работы». У прыватнасці, у ліпені будуць рамантавацца ДК прафсаюзаў, КЗ «Мінск», Палац культуры МАЗ, МТЗ, актавая зала Лінгвістычнага ўніверсітэта. Праблемы з пажарнай бяспекай мае Дом афіцэраў.

Пры першым кантакце з ўсімі ўстановамі запыт МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ўспрымаўся зацікаўлена. Аднак ужо праз некалькі тыдняў усе ўстановы адмовілі ў прадстаўленні арэнды.

На думку кіраўніцтва арганізацыі, «рамонтная эпідэмія», што захліснула Менск, дэманструе палітычнае рашэнне органаў улады. І яно недальнабачнае, бо цягне за сабой правядзенне з’езда альбо на адной з плошчаў Менску, альбо ў замежжы, дзе ў з’ездзе нарэшце возьме ўдзел і палітычная эміграцыя.

«Рэальна вельмі цяжка паверыць, што ў час эканамічнага крызісу цэнтральныя менскія будынкі становяцца на рамонт. Мне падаецца, што было б лягічна, калі б яны на арэндзе хаця б грошы нейкія зараблялі. Таму за гэтым бачыцца нейкая палітычная воля ці рашэнне.

Зараз будзем пачынаць перамовы з нашымі партнёрамі з замежжа, аб перанясенні месца правядзення з’езду як варыянт у Літву, ў Вільню», - заявіла ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» старшыня згуртавання Алена Макоўская.

На ейную думку, адмова ў правядзенні форуму ў сталіцы метраполіі негатыўна адаб’ецца на іміджы Беларусі ў свеце.

З’езды беларусаў свету МГА ЗБС «Бацькаўшчына» з’яўляюцца статутным мерапрыемствам згуртавання і склікаюцца раз на чатыры гады.

Сёлета ў з’ездзе чакаецца ўдзел кіраўнікоў і сябраў беларускіх арганізацый замежжа з больш чым 20 краін свету, а таксама прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі, палітыкаў і грамадскіх дзеячоў з Беларусі.

Апошнія навіны