Ягор Хрусталёў звольніўся з ОНТ (Абноўлена)
- 20.04.2009, 14:09
20 красавіка першы намеснік старшыні ОНТ і вядучы ток-шоў «Выбар» Ягор Хрусталёў пакінуў канал. Здарылася гэта надзвычай раптоўна.
Раніцай 20 красавіка Ягор Хрусталёў напісаў заяву аб сыходзе, растлумачыўшы свой учынак тым, што атрымаў больш выгадную прапанову за межамі краіны, паведамляе «Салідарнасць».
«Усё, што мне вядома, гэта тое, што Хрусталёў напісаў заяву па ўласным жаданні, заявіўшы, што ў яго ёсць вельмі добрая прапанова за мяжой», — растлумачыла прэс-сакратар ОНТ Аліна Праваторава.
Папера была падпісаная маментальна і ўжо з сённяшняга дня Ягор Хрусталёў не з'яўляецца супрацоўнікам ОНТ.
На дадзены момант тэлефон тэлевядучага не адказвае.
Ток-шоў «Выбар», аўтарам і нязменным вядучым якога быў Хрусталёў, сёння выйдзе ў эфір. Але ў ролі вядучага гледачы ўбачаць Сяргея Дарафеева. Ён вядомы па праграме «Срэбны грамафон» і «Наша раніца» на канале ОНТ. Журналісты «Комсомольской правды в Беларуси» датэлефанаваліся да Сяргея Дарафеева. Аб тым, што ён будзе весці «Выбар», вядучы даведаўся некалькі гадзін таму, таму ад якіх-небудзь каментароў адмовіўся.
Ягор Хрусталёў каля 20 год працаваў на Беларускім тэлебачанні, а на тэлеканале ОНТ – амаль з першага дня яго адкрыцця. Прэс-цэнтр Хартыі'97 узгадаў, што не так даўно, у інтэрв'ю «Советской Белоруссии», адказваючы на пытанне «Як часта Вам прыходзіцца стаяць перад выбарам?», Хрусталёў сказаў:
-- Кожны панядзелак стаю перад «Выбарам»! І заўсёды разважаю пра сябе, знаходзячыся ў эфіры, да якога гледачовага меркавання далучыўся бы сам. Але за кадрам выбіраць прыходзіцца яшчэ часцей і, нажаль, не заўсёды бяскарна...