Новы ўказ Лукашэнкі ўводзіць новыя правілы куплі жылля
- 21.04.2009, 9:08
Хуткім часам у Беларусі будзе прыняты ўказ, які абмяжуе спосабы прыцягнення сродкаў насельніцтва на будаўніцтва жылля на стадыі ўзвядзення аб'екта.
Інфармацыя аб гэтым прагучала на семінары «Антыкрызіснае фінансаванне будаўніцтва і продаж нерухомасці», піша газета «Беларусы і рынак».
У першапачатковай рэдакцыі дакумент прадугледжваў толькі два спосабы ўдзелу грамадзян у фінансаванні жыллёвага будаўніцтва - праз стварэнне жыллёва-будаўнічых кааператываў і праз заключэнне дамоваў долевага будаўніцтва.
Падчас прапрацовак дакумента ў нешматлікі спіс было прапанавана ўключыць трэці спосаб прыцягнення сродкаў грамадзян - праз продаж ім жыллёвых аблігацый.
Усе астатнія спосабы, якія сёння практыкуюцца забудоўшчыкамі, пасля прыняцця ўказу будуць лічыцца незаконнымі. Гэта значыць забудоўшчыкі не змогуць прыцягваць сродкі грамадзян пасродкам заключэння з імі папярэдняй дамовы, інвестыцыйнай дамовы, дамовы пазыкі і г. д.