BE RU EN

Апазіцыйныя палітыкі сустрэліся з дэпутатам бундэстага Мары-Луізай Бэк

  • 21.04.2009, 9:57

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўнік аргкамітэта па стварэнні БСДП «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч сустрэліся 20 красавіка ў Менску з дэпутатам бундэстага ад Партыі зялёных Мары-Луізай Бэк.

Мары-Луіза Бэк з'яўляецца чальцом камітэта па знешняй палітыцы і прадстаўляе ў нямецкім парламенце апазіцыю. Дэпутата бундэстага цікавіла, наколькі стратэгія Еўрапейскага Звяза ў дачыненні да Беларусі, якая рэалізуецца з актыўным удзелам Нямеччыны, запатрабаваная і карыстаецца падтрымкай у дэмакратычных сілаў.

«Так яна сфармулявала мэты і задачы сваёй паездкі ў Беларусь», — паведаміў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька.

«У нас дастаткова крытычны погляд на гэтую стратэгію. Хоць мы падтрымліваем і далучэнне Беларусі да «Усходняга партнёрства», і тое, што санкцыі ў дачыненні да асобных чыноўнікаў замарожаныя яшчэ на 9 месяцаў», - сказаў ён.

Аднак, як адзначыў Лябедзька, без прывязкі да «хатняга задання» для беларускіх уладаў крокі насустрач ім неэфектыўныя. Таксама, паводле яго словаў, дыялог Еўропы з афіцыйным Менскам без удзелу дэмакратычных сілаў, без адкрытага парадку дня — гэта тупіковы шлях. Беларускія палітыкі патлумачылі, чаму пераважная большасць суб'ектаў дэмакратычных сілаў супраць прыезду Лукашэнкі ў Прагу і супраць самога факту яго запрашэння на еўрапейскі саміт.

«Гэта слабы крок з боку Еўропы. Ён не вырашае ніводную праблему. Лукашэнку не матывуюць да таго, каб ён мяняў спачатку сітуацыю, а потым атрымліваў запрашэнне. Яго спачатку запрашаюць. Гэта пазбаўляе яго матывацыі нешта змяняць у краіне, што датычыць выбарчага заканадаўства, сітуацыі з мас-медыя і г.д.», - лічыць Лябедзька.

Апазіцыйны палітык перадаў Мары-Луізе Бэк «дарожную карту» дэмакратычных сілаў (план дэмакратызацыі Беларусі), якую падтрымалі і няўрадавыя арганізацыі. Нямецкі дэпутат цікавілася таксама, наколькі зараз актуальны і важны «расейскі фактар» у дачыненні да Беларусі, і ці ёсць узмацненне рызыкаў і пагрозаў.

«Мы заявілі агульную пазіцыю: нельга сказаць пра нейкі рэзкі ўсплеск пагрозаў з боку Расеі. У нейкай ступені ўплыў гэтага фактару стаў нават, можа быць, меншы. Таму што Расея зараз завязаная на вялікія эканамічныя праблемы ўнутры сваёй краіны», - сказаў лідэр АГП.

Апошнія навіны