BE RU EN

Былы кандыдат у дэпутаты Аляксандр Мех рыхтуецца звярнуцца ў ААН

  • 21.04.2009, 15:45

Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнні судоў папярэдніх інстанцый у дачыненні да кобрынскага актывіста Партыі БНФ Аляксандра Меха. Такім чынам, ягонае звальненне з працы прызнана беларускай судовай сістэмай законным.

Нагадаем, што падчас мінулых парламенцкіх выбараў, калі Аляксандр Мех быў кандыдатам у дэпутаты, кіраўнік раённага ўпраўлення КДБ Андрэй Басько і начальнік Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў Уладзімір Галашка заявілі Меху: не здымешся з выбараў — пазбавішся працы. Мех, хоць і запісаў гэтую "прафілактычную" гутарку на мабільны тэлефон, але працы ў рэшце рэшт пазбавіўся.

Палічыўшы сваё звальненне незаконным і палітычна матываваным, Аляксандр Мех падаў у суд. Аднак Кобрынскі раённы суд не заўважыў у справе Меха "ніякай палітыкі" і палічыў ягонае звальненне законным і адпавядаючым дзеючаму працоўнаму заканадаўству. Не прынеслі плёну і шматлікія скаргі Меха на рашэнне суда. І вось зусім нядаўна справа Меха была разгледжана і Вярхоўным судом Беларусі. "Нечаканасці не адбылося, — гаворыць Аляксандр Мех. — Рашэнне аб маім звальненні прызнана законным, і ў Беларусі абскарджванню не падлягае".

Тым не менш зараз экс-кандыдат у дэпутаты рыхтуе неабходныя паперы, з тым каб звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека. "Мне дапамагаюць юрысты. Спадзяюся, што мая справа будзе аб'ектыўна разгледжана на міжнародным узроўні і па ёй будзе прынята законнае рашэнне", — гаворыць Мех.

Апошнія навіны