Лукашэнка назваў Пракаповіча прэм'ер-міністрам
- 23.04.2009, 15:18
Падчас звароту да беларускага народа і «парламенту» Аляксандр Лукашэнка павысіў кіраўніка Нацыянальнага банка.
Кажучы аб кадравай палітыцы, беларускі кіраўнік сказаў, што «патрэбныя кадры новага пакалення, здольныя генераваць ідэі, адыходзіць ад звыклых штампаў і шаблонаў».
«Дзяржапарат павінен быць укамплектаваны ў цэнтры і на месцах ініцыятыўнымі, прадпрымальнымі, здольнымі эфектыўна працаваць у складаных умовах людзьмі, якія не баяцца браць на сябе адказнасць і імкнуцца дасягаць дадатных вынікаў», - сказаў ён.
«Я не кажу аб новых кадрах», - растлумачыў Лукашэнка. «Усе, хто адказвае гэтым крытэрам, несумнеўна, застануцца ў страю, а хто адчувае, што не дацягвае, лепш вызваліць месца пераемніку», - сказаў беларускі кіраўнік.
Кажучы аб кадравых перастановах ва ўрадзе, Лукашэнка зрабіў абмоўку і назваў кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча прэм'ер-міністрам. Дарэчы, у апошні час інфармацыя аб тым, што менавіта Пракаповіч можа хуткім часам заняць пост прэм'ера, папулярная сярод чыноўнікаў.