BE RU EN

Новы кіраўнік МУС пра тэракт ў Менску: «Час яшчэ не прыйшоў, каб даваць суцяшальныя адказы»

  • 24.04.2009, 12:04

Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Анатоль Куляшоў разам з сыходам у адстаўку Уладзіміра Навумава аўтаматычна «атрымаў у спадчыну» расследаванне выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Менску.

«Час яшчэ не прыйшоў для таго, каб даць нейкія суцяшальныя адказы», -- так адказаў на пытанне «Радыё Свабоды» пра ход расследавання выбуху 4 ліпеня Анатоль Куляшоў.

«Праца ідзе вельмі напружаная. Неабходна зрабіць вельмі вялікі аб'ём працы. За такі кароткі прамежак часу мы яшчэ не ў стане выканаць тое, што запланавалі. Але праца, як і раней, працягваецца. Яна планавая і ідзе ў патрэбным накірунку», -- патлумачыў Куляшоў.

На просьбу распавесці пра акалічнасці расследавання генерал Куляшоў заявіў: «Калі б я нават сёе-тое і сказаў, гэта магло б нашкодзіць далейшай справе».

Нагадаем, выбух самаробнай прылады, начыненай балтамі і гайкамі, адбыўся на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня (каля 00.30) падчас канцэрту з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці. На канцэрце, па афіцыйных звестках, прысутнічала каля паўмільёна чалавек. За медыцынскай дапамогай, паводле інфармацыі Міністэрства, звярнуліся 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваныя.

Апошнія навіны