Зміцер Бандарэнка: «Мікалай Аўтуховіч – сапраўдны герой і яго жыццю пагражае небяспека»
- 1.05.2009, 14:00
Удзельнікі акцыі салідарнасці ў Менску запатрабавалі неадкладнага вызвалення палітвязняў.
«1 траўня, у дзень міжнароднай салідарнасці працаўнікоў, мы вышлі з партрэтамі беларускіх палітвязняў да следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Лідэр прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч ужо больш за два тыдні трымае ў ізалятары бестэрміновую галадоўку. Яго паплечнікі Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка таксама арыштаваныя. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з імі ўжо больш за два месяцы не вядуцца следчыя дзеянні», -- заявіў каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, які прыняў 1 траўня ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якая была разагнаная супрацоўнікамі менскага АМАПа.
Па словах Зміцера Бандарэнкі, сёння жыццю Мікалая Аўтуховіча пагражае рэальная небяспека.
«Мікалай Аўтуховіч – сапраўдны герой. Ён прайшоў вайну ў Аўганістане, куды быў адпраўлены па загадзе савецкага ўрада. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Як вы разумееце, гэтыя ўзнагароды проста так не даюцца. Ужо праз тыдзень пасля пачатку галадоўкі пратэсту Мікалай Аўтуховіч, паводле інфармацыі яго адваката, пачуваўся так, як на 30-й дзень галадоўкі. Сёння не толькі яго здароўю, але і жыццю пагражае небяспека. У палітвязня панкрэатыт і яшчэ цэлы шэраг хранічных захворванняў. Мы не можам абыякава назіраць за тым, што адбываецца з гэтым чалавекам – яго трэба падтрымаць. Таму я адгукнуўся на заклік моладзі праводзіць акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Мы далучаемся да патрабаванняў Аўтуховіча і яго паплечнікаў неадкладнага іх вызвалення і спынення гэтай сфабрыкаванай справы», - заявіў каардынатар Хартыі’97.
Праваабаронца адзначае, што ў гэты раз дзеянні менскага АМАПа былі яшчэ больш «распушчанымі».
«Заўважна, наколькі рэжым баіцца публічнасці. Калі прыехаў АМАП, ім аддалі загад разагнаць акцыю. Але, пачуўшы ангельскую гаворку карэспандэнта «Бі-Бі-Сі», які асвятляў акцыю, іх проста паралізавала, яны не ведалі, што рабіць, і хвілінаў 15 стаялі ў разгубленасці. Але далейшыя дзеянні амапаўцаў нічым не адрозніваліся ад звычайных. Гэта подлыя ўдары па нырках, прычым без розніцы: дзяўчына ці хлопец перад імі. Удары па нагах. Быў сур'ёзна збіты былы палітвязень Андрэй Кім. Ганебная тактыка ўладаў не змянілася. Калі амапаўцы сталі нас выціскаць, іх дзеяння былі яшчэ больш распушчанымі. Магчыма, гэта звязана з прыездам і семінарам, які арганізаваў у Менску прадстаўнік МУС Нямеччыны, які камандуе Паліцыяй гатоўнасці федэральных земляў Юрген Шуберт. Гэты семінар праводзіўся літаральна на мінулым тыдні. Відаць, нямецкія паліцыянты іх навучылі такім метадам», - выказаў здагадку Бандарэнка.