BE RU EN

92-гадовага ветэрана вайны высяляюць у перапоўненую кватэру (Фота)

  • 11.05.2009, 10:44

Берасцейскія ўлады забудоўваюць цэнтр горада, а людзей высяляюць на ўскраіны. У іх лік патрапіў і ветэран вайны Мікалай Хруцкі.

Да тых, хто не хоча пераязджаць, падганяюць трактар «Беларусь» з прычэпам і высяляюць гвалтоўна. Людзі скардзяцца на дзеянні ўладаў у суды, паколькі лічаць, што іх падманваюць. Адна з такіх — Раіса Бандарук. Яе сям'ю з чатырох чалавек высяляюць з прыватнай хаты ў двухпакаёвую кватэру. Сям'я — яна, былы муж, дарослы сын і бацька мужа, ветэран вайны Мікалай Хруцкі. 9 траўня Дзеду, як яго называюць у сям'і, спаўняецца 92 гады.

На днях суд пакінуў без задавальнення пазоўную заяву Раісы Бандарук.

«Далі б хоць бы вялікія пакоі. Узялі б якую шафу, разгарадзілі пакой. І Дзеду — калі ласка, жыві, не саромейся. Але чыноўнікі кажуць: мы і без таго вам даем на 11 метраў больш. А я ім: вы ж разумееце, што 12 і 17 квадратных метраў — як нам змясціцца чатыром, чалавек павінен ставіць ложак у калідоры і там жыць, так атрымліваецца? Улады сцвярджаюць, што хата непрыдатная для жылля, панапісалі актаў, што ўсё бурыцца. Гэта дае права высяляць на цесныя метры незалежна ад пола і ўзросту. Маўляў, яны нас ратуюць», - распавядае жанчына ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».

Бондарук спрабавала правесці незалежную экспертызу стану хаты, але нават у Менску гэта рабіць адмовіліся, спаслаўшыся на занятасць.

Нявестка паказвае ліст з аблвыканкама. Чыноўнікі пішуць: вырашаюць суды, а не ўлады, а што да ветэрана вайны, 92-гадовага Мікалая Хруцкага, дык яму «можна вылучыць сацыяльнае жыллё альбо паставіць на ільготную чаргу на кватэру».

Апошнія навіны