BE RU EN

Прэвентыўныя арышты напярэдадні марша «За незалежнасць!»

  • 13.05.2009, 9:12

У Менску арыштавалі менскага каардынатара «Маладога Фронту» Паўла Кур'яновіча і актывістку Вікторыю Ладзіс.

Маладыя людзі распаўсюджвалі налепкі з інфармацыяй пра марш «За незалежнасць!», які павінен прайсці 14 траўня.

Вікторыю Ладзіс як непаўнагадовую праз тры гадзіны вызвалілі, а на каардынатара менскага «Маладога Фронту» Паўла Кур'яновіча склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.24 – «парушэнне арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў», піша сайт mfront.net.

Сёння зраніцы у судзе Першамайскага раёна Менска пройдзе адміністрацыйны працэс над апазіцыянерам.

У РАУС Павал Кур'яновіч адмовіўся ад ежы і паведаміў, што, калі суд прысудзіць яго да арышта, ён далучыцца да галадоўкі салідарнасці з палітвязнямі, якая праводзіцца палітычнымі і грамадскімі дзеячамі Беларусі з 4 траўня.

Нагадаем, што акцыя марш «За незалежнасць!» павінна прайсці ў Менску заўтра, 14 траўня. Плануецца, што акцыя пачнецца ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы і працягнецца на плошчы Незалежнасці. Актывісты «Маладога Фронту» не збіраюцца падаваць заяўку на правядзенне акцыі ў Менгарвыканкам.

14 гадоў таму на рэферэндуме 1995 года была змененая гістарычная сімволіка Беларусі (герб і сцяг) на неасавецкую, а расейскай мове, нароўні з беларускай, быў нададзены статут дзяржаўнай мовы.

Апошнія навіны