У салдатаў у арміі забіраюць незалежную прэсу
- 13.05.2009, 9:33
Гвалтоўна прызваны ў армію актывіст руху «За свабоду» Ігар Савей не атрымаў газету «Новы час» – друкаваны орган «Таварыства беларускай мовы».
Намеснік камандзіра часткі па ідэалагічнай працы падпалкоўнік Сяргей Платонаў не аддаў маладому чалавеку газету, дасланую ў канверце, паколькі палічыў яе забароненай, паведамляе «Радыё Рацыя».
Тлумачэнні выканаўчага дырэктара прадпрыемства «Час навінаў» Язэпа Палубяткі, дзе друкуецца выданне, наконт таго, што газета зарэгістраваная, абсалютна законная, аднак у яе няма дамовы з поштай на распаўсюд, Платонаў слухаць не стаў.
Журналістам радыё падпалкоўнік паабяцаў разабрацца – калі газета не забароненая, дык Ігар Савей яе атрымае. Паводле словаў намесніка камандзіра часткі, у арміі «ёсць шэраг рэкамендаваных сваіх выданняў, іх трэба чытаць».
Аднак, як заўважае праваабаронца Раман Кісляк, салдат можа чытаць у вольны час тую прэсу, якую жадае. І тое, што Салавей не атрымаў своечасова газету, якая ніякай пагрозы для арміі не нясе, з'яўляецца парушэннем заканадаўства, умяшаннем у асабістае жыццё апазіцыянера.