Новыя арышты за палітычныя графіці
- 13.05.2009, 14:42
Сёння ўначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі баранавіцкага актывіста «Маладога Фронту» Пятра Рузава.
Затрыманне праводзілася за нанясенне графіці «Свабоду палітвязням!» і «Свабоду Аўтуховічу!» на сцены мясцовага мясакамбіната ў самім цэнтры горада, піша сайт mfront.net.
Пятра Рузава абвінавацілі ў наўмысным пашкоджанні маёмасці і склалі адміністрацыйны пратакол па арт.10.9.
«Пасля складання пратаколу мяне вызвалілі. Сказалі, што позву ў суд дашлюць пазней», - каментуе актывіст «Маладога Фронту».
Гэта ўжо не першае затрыманне моладзевых актывістаў за графіці з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.
Так, 10 мая ў Асіповічах супрацоўнікамі міліцыі былі арыштаваныя актывісты «Маладога Фронту» Арцём Дубскі і Тацяна Касінчук за тое, што яны напісалі на сцяне заклік «Свабоду Аўтуховічу!»
Нагадаем, арыштаваны лідэр прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч 16 красавіка абвясціў бестэрміновую галадоўку пратэсту з патрабаваннем свайго вызвалення, а таксама вызвалення іншых вязняў сумлення – Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі.
4 мая шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія ўтрымоўваюцца ў сталічным СІЗА № 1. Сярод удзельнікаў акцыі салідарнасці — былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец, Арцём Дубскі, Эніра Браніцкая, Аляксандр Казулін, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Кася Салаўёва, Яраслаў Грышчэня, Арцём Ластавецкі, Дар'я Латушкіна, грамадская актывістка з Брэста Наталля Касцючык, Ірына Губская, і шматлікія іншыя.
Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзян па палітычных матывах.