У Маскве прайшоў пікет з патрабаваннем вызваліць беларускіх палітвязняў (Фота)
- 14.05.2009, 13:49
14 мая насупраць амбасады Беларусі ў Маскве рух «Абарона» правёў пікет салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Пікет быў прымеркаваны да гадавіны вяртання ў Беларусь савецкай сімволікі, паведамляе карэспандэнт Каспарова.Ru з месца падзей.
10 актывістаў руху скандавалі: «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязням!» і «Беларусі — свабоду!».
Таксама ўдзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі з заявай, у якой асуджаюць «карумпаваную і ўладалюбівую кіруючую верхавіну на чале з Аляксандрам Лукашэнкай». «Абарона» зважае на тое, што ў Беларусі ўсё больш прыгнятаецца свабода грамадзян.
Па меркаванні актывістаў руху, расейцы не атрымалі ўроку з найноўшай гісторыі Беларусі і ў 2000 годзе прагаласавалі за Ўладзіміра Пуціна. «Абаронцы» лічаць, што ні Беларусі, ні Расеі не атрымалася дагэтуль вырвацца «з пут імперскага светаўспрымання».
«І ў Расеі, і ў Беларусі грамадства згоднае ахвяраваць інтэрасамі народа дзеля інтэрасаў, як яму здаецца, дзяржавы, а на справе — дзеля карысці і ўлады чыноўнікаў», — вядзецца ў заяве.
Актывісты лічаць, што краіна не можа быць вольнай і незалежнай, калі несвабодны ейны народ.
Адзначым, што 14 мая 1995 года ў Беларусі быў праведзены рэферэндум, па якім у краіны былі змененыя гістарычныя нацыянальныя герб і сцяг.
У Менску 14 мая пройдзе марш «За незалежнасць!». Прадстаўнікі моладзевых арганізацый і простыя грамадзяне прыйдуць на акцыю, каб таксама выказаць падтрымку беларускім актывістам, якія распачалі 4 мая галадоўку салідарнасці з палітвязнямі.