У Менску разагнаная акцыя «Маладога Фронту» «За незалежнасць!» (Абноўлена, фота, відэа)
- 14.05.2009, 18:29
14 траўня ў Менску была разагнаная акцыя апазіцыі, прымеркаваная да гадавіны рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенні двухмоўя. Супраць людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі былі кінутыя дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа, узброеных дубінкамі.
Акцыю пад назвай марш «За Незалежнасць!» планавалі правесці ў Менску актывісты арганізацыі «Малады Фронт». 14 траўня 1995 года ў Беларусі праведзены рэферэндум, у выніку якога замест нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» была ўведзеныя неасавецкія дзяржаўныя сімвалы. Таксама дзяржаўнай мовай, акрамя беларускай, стала расейская. У выніку гістарычны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг быў у Беларусі забаронены, за яго ўзняцце на акцыях сталі арыштоўваць. На афіцыйным узроўні аддаецца перавага расейскай мове, у той час як беларускамоўныя школы зачыняюцца, а практычна ўсе дзяржаўныя СМІ перасталі карыстацца роднай мовай.
У знак пратэсту супраць такой палітыкі ўладаў у гадавіну рэферэндуму 1995 года на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі актывісты арганізацыі «Малады Фронт» і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Напярэданді акцыі праходзілі затрыманні дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах, якія збіраліся ехаць у Менск. Арыштоўвалі апазіцыянераў і непасрэдна перад акцыяй, супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі каля дамоў шмат якіх дэмакратаў.
Да моманту пачатку акцыі, у 18.00, на Кастрычніцкай плошчы ўжо знаходзіліся дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа ў форме і ў цывільным. Шмат у каго, хто ішоў у гэты час на плошчу, правяралі пашпарты.
Тым не менш, тут змаглі сабрацца каля двух дзясяткаў моладзевых актывістаў. Удзельнікі акцыі разгарнулі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і расцяжку «Малады Фронт». На маладых людзей адразу ж накінуліся дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа, узброеных дубінкамі. З ужываннем сілы, збіваючы нават дзяўчат, амапаўцы сталі адціскаць людзей з плошчы. Адну з актывістак міліцыянт схапіў за валасы і працягнуў па асфальце.
Пры гэтым амапаўцы з азвярэннем вырывалі з рук апазіцыянераў сцягі, ламаючы праз калена тронкі.
https://charter97.org/mediaplayer2/uppod.swf
У знак пратэсту моладзевыя актывісты селі на зямлю, сашчапіўшы рукі. Дэманстрантаў узялі ў шчыльнае кола. Знаходзячыся ў атачэнні, маладыя патрыёты скандавалі «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязням», а таксама спявалі нацыянальны гімн «Магутны Божа».
https://charter97.org/mediaplayer2/uppod.swf
Людзей трымалі ў ачапленні на працягу гадзіны. Пасля заканчэння акцыі супрацоўнікамі АМАПа ў цывільным быў схоплены актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. Яго пасадзілі ў мікрааўтобус з зацемненым шклом і павезлі ў невядомым накірунку. Пазней стала вядома, што апазіцыянера даставілі ў Цэнтральны РУУС.
Калі людзі сталі пакідаць плошчу, адна з удзельніцаў акцыі паспрабавала замацаваць на ліхтарным слупе бел-чырвона-белы сцяг. Да актывісткі адразу падбеглі некалькі амапаўцаў і сілай адабралі сцяг.
Яшчэ некалькі апазіцыянераў былі дастаўленыя ў Кастрычніцкі РУУС, у тым ліку актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Скрабец, актывісты «Маладога Фронту» Павал Кур'яновіч, Валеры Мацкевіч, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алеся Якубоўская.
Па дарозе з акцыі проста ў аўтобусе №100 быў схоплены актывіст МФ Аляксей Янушэўскі.
Людзі ў цывільным вялі ўдзельнікаў акцыі пад канвоем да офіса Партыі БНФ на вуліцы Машэрава. Непасрэдна ля будынку офіса былі арыштаваныя яшчэ некалькі актывістаў «Маладога Фронту».





















