Адбіткі пальцаў сталі масава браць у навучэнцаў каледжаў
- 15.05.2009, 16:13
У Кобрынскім прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў правялі дактыласкапію: у навучэнцаў узялі адбіткі пальцаў.
У размове з дырэктарам каледжа Міхаілам Гольфманам атрымалася высвятліць, што ў каледж паступіў ліст начальніка Кобрынскага РАУС Эдуарда Ярашука, які прасіў аказаць садзейнічанне ў правядзенні гэтай працэдуры - «на падставе распараджэння Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2008 года №103»
У інтэрв'ю «Беларускаму партызану» праваабаронца Ўладзімір Вялічкін заявіў, што гэта - зневажальная працэдура, з аднаго боку траўмуе псіхіку непаўнагадовых, з другога - запалохвае іх, з трэцяга - стварае базу дадзеных, каб трымаць усіх «на кручку».
Нагадаем, што МУС праводзіць масавую незаконную дактыласкапію беларусаў пасля выбуху самаробнай прылады на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня падчас святочнага канцэрту па выпадку Дня незалежнасці. Мужчын выклікаюць у ваенкаматы і аддзяленні міліцыі, дзе ў іх бяруць адбіткі. У хуткім часе адбіткі пальцаў могуць пачаць браць у жанчын.