Віленскія ўлады захаваюць крыж-помнік Кастусю Каліноўскаму на Лукішскім пляцы
- 19.05.2009, 14:59
Таварыства беларускай культуры атрымала адказ з Міністэрства культуры Літвы, што крыж, усталяваны на месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы ў Вільні, будзе захаваны.
Першапачаткова ж гэты помнік не быў улічаны пры стварэнні праектаў па рэканструкцыі пляцу, паведамляе сайт westki.info.
Літоўскі ўрад адрэагаваў на заявы Таварыства і накіраваў адпаведнае рашэнне ў Міністэрства культуры.
«Міністэрства культуры, рэагуючы на пастанову Літоўскага Урада ад 23 красавіка 2009 г. за № 22‑2616, разам з Дэпартаментам Развіцця Горада Віленскай Гарадской Самаўправы разгледзелі заяву Таварыства беларускай культуры ў Літве ад 14 красавіка 2009 г. за № 280 і вырашылі, што пры рэканструкцыі Лукіскага пляца будзе звернута ўвага на захаванне месца пашаны Кастуся Каліноўскага. Міністэрства культуры лічыць, што ўсталяваны крыж памяці Кастуся Каліноўскага на Лукіскім пляцы мусіць быць захаваны», - паведамляецца ў пастанове Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі за подпісам сакратара міністэрства Ёзаса Шырвінскаса.