Апазіцыянераў і іхніх сваякоў прымушаюць здаваць адбіткі пальцаў
- 20.05.2009, 9:43
Актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Людміла Краснасельская звярнулася з заявай у раённую пракуратуру па прычыне незаконных паводзінаў супрацоўніка міліцыі.
Спачатку супрацоўнік міліцыі горада Калінкавічы, які прадставіўся Пятром Савёнкам, па тэлефоне дапытваўся, як звязацца з 30-гадовым сынам жанчыны, каб той прайшоў дактыласкапію, паведамляе «Радыё Свабода».
У хуткім часе міліцыянт прыйшоў дахаты да Краснасельскай, стаў тэлефанаваць і моцна грукаць у дзверы. Калі Людміла Краснасельская адчыніла дзверы, ён паставіў нагу і не даў іх зачыніць.
Жанчына растлумачыла супрацоўніку міліцыі, што масавая дактыласкапія – незаконная, а ейны сын дарослы чалавек і даўно жыве ў Менску. Таксама актывістка заявіла, што гатовая прайсці дактыласкапію сама. Супрацоўнік міліцыі, не даўшы жанчыне зачыніць дзверы, заявіў, што тут жа выпіша позву.
Людміла Краснасельская просіць пракуратуру даць прававую адзнаку дзеянням супрацоўніка міліцыі.