BE RU EN

Забойцы «пухавіцкага падпальшчыка» могуць быць амніставаныя

  • 20.05.2009, 17:51

Двое з чатырох чалавек, асуджаных за забойства «пухавіцкага падпальшчыка», хутчэй за ўсё, выйдуць па амністыі на свабоду цягам некалькіх месяцаў.

Так лічыць праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла.

Пад амністыю падпадаюць саўдзельнікі забойцаў, распавёў юрыст у інтэрв’ю «Еўрарадыё».

«Яны былі асуджаныя за неданясенне аб здзяйсненні цяжкага злачынства. І гэтыя двое дакладна трапляюць пад амністыю. Што ж тычыцца саміх забойцаў, ім могуць «скінуць» па годзіку пазбаўлення свабоды. Гэта агульнае правіла – асобам, упершыню асуджаным, па законе «Аб амністыі» могуць зняць адзін год», - кажа Гары Паганяйла.

Нагадаем, 31 снежня 2008 года ў вёсцы Пухавічы Гомельскай вобласці быў знойдзены труп мясцовага жыхара Мікалая Макарэвіча, вядомага як «падпальшчыка».

Прадстаўнік Гомельскай абласной пракуратуры Андрэй Бондар на судовым працэсе па гэтай справе прапанаваў пакараць непасрэдных выканаўцаў забойства – Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча – на 14 год калоніі ўзмоцненага рэжыму; а іхніх памочнікаў Тацяну Юхневіч і Аляксандра Петручэню – на 8,5 і 8 год пазбаўлення волі. Было прапанавана ўзяць іх пад варту адразу ў зале суда.

Аднак прысуды злачынцам былі вынесеныя больш чым мяккія - Сяргей Аліфяровіч прысуджаны да пяці год пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ігар Макарэвіч — да трох год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аляксандар Петручэня і Тацяна Юхневіч — да двух год пазбаўлення волі.

Яшчэ да суду ў справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, які на нарадзе з сілавікамі асабіста загадаў выпусціць забойцаў пад хатні арышт.

«Я папрасіў бы, каб вы лаяльна вялі гэтую крымінальную справу», -- звярнуўся Лукашэнка да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, тым самым, у парушэнне закона, здзейсніўшы ціск на суд.

Апошнія навіны