У Маскве застрэлілі яшчэ аднаго беларускага крымінальнага аўтарытэта
- 25.05.2009, 11:21
Пры перастрэлцы ў Маскве разам з «расейскім злодзеем» у законе Андрэем Голубевым быў забіты крымінальны аўтарытэт з Беларусі па мянушцы Корсак.
«Віталь Корсакаў забіты пры перастрэлцы ў Маскве. У Беларусі ён некалькі разоў адбываў пакаранне за забойства, згвалтаванне. У апошнія гады займаўся вывазам беларускіх грамадзян на працу ў Маскву. Бізнэс быў легальным», паведамілі агенцтву «Інтэрфаксу» крыніцы ў праваахоўных органах Беларусі.
«Ён пражываў у Вілейцы (Менская вобл.), працаваў у Маскве. Мы звязваліся з расейскімі калегамі ў сувязі з забойствам Корсака», паведамілі суразмоўцы ў праваахоўных органах, адмовіўшыся паведаміць падрабязнасці. В.Корсакаву аказваў падтрымку памерлы ў Расеі сёлета вядомы крымінальны аўтарытэт Біра.
Нагадаем, што ў канцы мінулага тыдня ў Маскве на Валгаградскім праспекце невядомы расстраляў з аўтаматычнай зброі аўтамабіль, у якім знаходзіліся крымінальныя аўтарытэты. «Андрэй Голубеў, 1964 года нараджэння, па мянушцы «Скіф», быў адным з найбуйных злодзеяў у законе, які прымаў удзел у фарміраванні крымінальнай палітыкі расейскага крыміналітэту», - распавялі суразмоўцы агенцтва. «А.Голубеў – ураджэнец Масквы. У 1990 годзе ён адседзеў тры гады за крадзёж», - распавялі ў праваахоўных органах.
Па факце растрэлу, здзейсненага каля паўночы ў мінулую пятніцу на Валгаградскім праспекце, следчым камітэтам узбуджаная крымінальная справа па двух артыкулах КК РФ - «Забойства дзвюх або больш асоб», а таксама «Незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі», паведаміў кіраўнік маскоўскага следчага ўпраўлення. Па ягоных словах, «следствам адпрацоўваюцца розныя версіі. Не выключаная версія крымінальных разборак».