Лукашэнка паклапаціўся пра бяспеку каруселяў
- 25.05.2009, 14:25
Беларускі кіраўнік падпісаў указ аб дзяржаўным наглядзе за атракцыёнамі.
Як паведамляе «Інтэрфакс», з гэтага часу паўнамоцтвы па дзяржаўным наглядзе за атракцыёнамі будуць ускладзеныя на Дэпартамент па наглядзе за бяспечным вядзеннем працаў у прамысловасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржпрамнагляд).
«У месцах адпачынку грамадзянаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі шырока выкарыстоўваюцца розныя каруселі, колы агляду і іншыя атракцыёны аднак не заўсёды арганізацыямі, якія ажыццяўляюць іх эксплуатацыю, забяспечваюцца неабходныя меры бяспекі», - паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
У паведамленні прэс-службы таксама ўзгадваецца пра факты абвальвання канструкцыяў атракцыёнаў «Рамонак» у парку культуры і адпачынку ім. Луначарскага ў Гомелі ў 2005 годзе і «Ланцуговая карусель» у парку культуры і адпачынку ім. Чалюскінцаў у Менску ў 2008 годзе, якія пацягнулі траўміраванне грамадзянаў, у тым ліку дзяцей.