Артур Фінькевіч: «Спецслужбы спрабуюць запалохаць моладзь, але ў іх гэта не атрымаецца»
- 26.05.2009, 17:13
Лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч накіраваў у пракуратуру Завадскога раёна Менска заяву з просьбай выявіць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія тэлефанавалі і пагражалі яму фізічнай расправай.
Артур Фінькевіч таксама пракаментаваў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 пагрозы, якія паступілі ў яго адрас ад невядома мужчыны ў мінулую пятніцу. Нагадаем, што Фінькевічу патэлефанавалі на мабільны тэлефон і сталі патрабаваць, каб ён спыніў сваю палітычную дзейнасць.
«У мінулую пятніцу мне патэлефанаваў невядомы мужчына, -- кажа Артур Фінькевіч. -- Яго нумар не вызначыўся на панэлі майго сотавага тэлефона. Мужчына спытаў, ці памятаю я, як узімку мяне вывозілі ў лес. Прычым казаў ён па-беларуску! Затым невядомы спытаў: «Ты хочаш стаць героем? Падумай, што ты робіш!», і паклаў трубку. А учора зраніцы мне зноў патэлефанавалі, гэта быў той жа голас. Мужчына спытаў, не ці хачу я стаць зоркай «Радыё Свабода», і дадаў, што хутка, мусіць, мяне зноў вывязуць у лес», - распавёў моладзевы актывіст.
На думку Артура Фінькевіча, за гэтымі пагрозамі могуць стаяць толькі беларускія спецслужбы.
«Напэўна, гэтыя пагрозы зыходзяць ад супрацоўнікаў спецслужбаў, -- заяўляе Фінькевіч. -- Вядома, яны спрабуюць запалохаць мяне, а можа, і не толькі мяне, а кагосьці яшчэ, каб не даць моладзі скааперыравацца перад прэзідэнцкімі выбарамі. Але ў іх гэта не атрымаецца! Мы як стаялі на сваіх пазіцыях, так і будзем стаяць. І будзем ісці да пераможнага канца» - заявіў Артур Фінькевіч.
Паводле словаў Фінькевіча, 26 траўня ён накіраваў заяву ў пракуратуру Завадскога раёна Менска з просьбай выявіць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія тэлефанавалі і пагражалі яму фізічнай расправай.
Нагадаем, 19 снежня 2008 года моладзевага лідэра схапілі каля яго пад'езда невядомыя людзі, кінулі ў машыну, некалькі гадзінаў збівалі, пасля чаго выкінулі ў некалькіх кіламетрах ад Менска пад Ракавым.
Па фактах выкрадання Фінькевіча РУУС Першамайскага раёна Менска ўзбудзіла крымінальную справу, аднак злачынцаў дагэтуль не знайшлі. Зараз справа прыпыненая.