У Менску арыштаваныя ўдзельнікі акцыі салідарнасці з палітвязнямі
- 29.05.2009, 15:12
Двое актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» былі затрыманыя ў чацвер у беларускай сталіцы.
Максім Сергяец і Рыгор К. былі затрыманыя, калі вывешвалі расцяжку са словамі «Свабоду палітвязням!» на вуліцы Прытыцкага. Іх затрымаў патруль міліцыі, які праязджаў побач. Маладыя людзі былі дастаўленыя ў Фрунзенскі РУУС, дзе ў іх былі знятыя адбіткі пальцаў, а таксама складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за «парушэнне добраўпарадкавання населеных пунктаў». Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі расцяжку. Праз тры гадзіны маладыя людзі былі вызваленыя.
Паседжанне адміністрацыйнай камісіі, якая разгледзіць пратаколы ў дачыненні да маладых дэмакратаў, пройдзе 3 чэрвеня ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна.